Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам кіраўніка Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча

6 апреля 2015

Спікер верхняй палаты парламента далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выніках свайго нядаўняга візіту ў Туркменістан. У прыватнасці, пра ход будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Старт гэтаму праекту, які з'яўляецца сімвалам двухбаковых адносін, Прэзідэнт Беларусі даў асабіста ў 2009 годзе падчас афіцыйнага візіту ў Туркменістан. Тады ў будучы падмурак калійнага рудніка кіраўнікі абедзвюх дзяржаў заклалі капсулу. Будуецца завод беларусамі на паўднёвым усходзе Туркменістана - на адным з багатых радовішчаў калійных солей. Кошт кантракта на будаўніцтва камбіната пад ключ - мільярд долараў. Гаварылі сёння ў Прэзідэнта і аб першых выніках маніторынгу развіцця і росту беларускай эканомікі, а таксама аб дзейнасці Савета Рэспублікі.

Падрабязнасці сустрэчы ў Ілоны Красуцкай. 2009 год. Гістарычныя кадры. Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў закладваюць капсулу ў падмурак будучага калійнага рудніка. Старт гэтаму праекту беларускі Прэзідэнт даў асабіста падчас афіцыйнага візіту ў Туркменістан.

Прадпрыемства на паўднёвым усходзе Туркменістана (на адным з самых багатых радовішчаў калійных солей) узводзяць беларусы. Асноўныя работы на аб'екце пачаліся ў 2012-м. Кошт кантракта на будаўніцтва камбіната пад ключ - мільярд долараў.

Відавочна, гэты праект забяспечыць важкі дадатак узаемнаму тавараабароту. Дарэчы, за апошнюю пяцігодку ён вырас у 5 разоў. Сёлета аналітыкі гавораць аб блізкай да мільярда лічбе.

Калі ў Мінску зараз 4 градусы цяпла, то на Гарлыку ўсе 20. А летам беларускім спецыялістам і зусім даводзіцца працаваць пры плюс 40. Зрэшты, змагаюцца не толькі з кліматычнымі, але і геалагічнымі асаблівасцямі мясцовасці. Прыходзіцца абыходзіць падземныя воды, для чаго прымяняюць замарозку грунту. Але нават гэта не перашкаджае будаўнікам ісці па графіку.

Куратарам праекта і адначасова сімвалам беларуска-туркменскіх адносін стаў Міхаіл Мясніковіч. Летась у статусе прэм'ера на свае вочы ацаніў тэмпы і якасць работ у Лябабскім велаяце.

Літаральна месяц таму ўжо ў новым амплуа спікера верхняй палаты парламента адправіўся з паўторнай рэвізіяй.

Вынікі гэтых візітаў сёння пададзены Кіраўніку дзяржавы. Для Беларусі Гарлык яшчэ праект іміджавы. Па ім будуць меркаваць пра нас ва ўсёй Цэнтральнай Азіі.

Згодна з праектам, горна-абагачальны камбінат будзе вырабляць штогод амаль паўтара мільёна тон калійных солей. Першую партыю руды прадпрыемства плануе атрымаць у сярэдзіне 2016 года.

Міхаіл Мясніковіч адначасова ўзначальвае і маніторынгавую групу. Эксперты распрацоўваюць меры па развіцці і росце беларускай эканомікі. Першыя вынікі і прапановы сацыяльна-эканамічнай эвалюцыі сёння таксама былі агучаны ў кабінеце ў Прэзідэнта.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Працуючы ў цесным кантакце з урадам і Нацбанкам, я б вылучыў 2 групы пытанняў. Гэта пытанні сістэмнага характару, тыя, якія трэба вырашаць у цэлым з улікам грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі. І другое - гэта індывідуальныя рашэнні. У першую чаргу, мы звяртаем увагу на буйныя прадпрыемствы, такія як МАЗ, трактарны завод. Гомсельмаш, Гомельшкло. Я думаю, тыя рашэнні, якія выпрацаваны, іх проста больш актыўна трэба рэалізоўваць. Я пра гэта гаварыў Кіраўніку дзяржавы, каб не ўтварыўся нейкі вакуум. Калі рашэнні ў прынцыпе падрыхтаваны і практычна выкананы, але яшчэ не рэалізуюцца".

На пасадзе кіраўніка Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч усяго 4 месяцы. Але за плячамі ўжо 3-я пазачарговая сесія, у канцы мінулага тыдня адбылося адкрыццё 4-й. На сустрэчы ў Прэзідэнта кіраўнік верхняй палаты парламента падкрэслівае важнасць актыўнага ўзаемадзеяння з дэпутатамі мясцовага ўзроўню.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходуу Беларусі: "На што хацелася б звярнуць увагу, нейкі новы погляд, як вы сказалі, з боку выканаўчай улады. Трэба больш надаваць працы з дэпутатамі мясцовага ўзроўню, і мы гэтым займаемся з вашага адабрэння. Савет па ўзаемадзеянні працуе. Мы - вось гэтыя 19,5 тысячы людзей. І гэта не горшыя людзі, людзі з пэўным даверам, каб актывізаваць гэту працу".

Падчас вясновай сесіі сенатарам трэба будзе разгледзець 65 законапраектаў. Акрамя таго, плануюць прыняць адзін з самых рэзанансных дакументаў, які атрымаў шырокае абмеркаванне не толькі ў СМІ, але і грамадстве - законапраект аб барацьбе з карупцыяй.