Прэзідэнт Беларусі прыняў кадравыя рашэнні ў дачыненні да кіраўніцтва буйных рэспубліканскіх СМІ

6 февраля 2018

Прэзідэнт Беларусі сёння прыняў кадравыя рашэнні ў дачыненні да кіраўніцтва буйных рэспубліканскіх СМІ. Аляксандр Лукашэнка прызначыў Івана Эйсманта Старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Дзмітрый Жук з гэтага часу галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня". Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў і прызначэнне Ігара Луцкага гендырэктарам СТБ. Арыенцір для ўсіх - лепшы міжнародны вопыт, а таксама ўважлівае стаўленне да кадраў. Звяртаючыся да прызначаных кіраўнікоў, Прэзідэнт высока ацаніў і працу тых, хто дагэтуль узначальваў найбуйнейшыя рэспубліканскія СМІ. Гэта вопытныя кіраўнікі, якія пачыналі прафесійны шлях яшчэ ў Савецкім Саюзе і шмат зрабілі для незалежнай Беларусі. Cучаснае тэлебачанне і па карцінцы, і па змесце. Акцэнт на ўласным кантэнце і, вядома, справядлівая і аб'ектыўная інфармацыя аб краіне.

Гісторыкі і археолагі адкрываюць для нас мінулае. Палітыкі, навукоўцы і эксперты малююць нам будучыя контуры дзяржаў, народаў і тэхналогій. Галоўнае ж прызначэнне журналіста - перадаць бягучы ўнікальны момант гісторыі. Перадаць тут і зараз.

Чым больш дакладныя гісторыкі - тым лепш мы разумеем сябе. Чым больш шчырыя палітыкі і амбіцыйныя навуковыя мужы - тым больш зразумела мы бачым, да чаго імкнемся. Але калі са спіралі гісторыі выпадае журналістыка, страчваецца сувязь часоў, і людзі ў бясконцых, і часта, на жаль, неахайных інфармацыйных патоках. Так было, ёсць і будзе, на якім бы носьбіце (паперы, тэле-, радыёхвалі або скрозь Глабальную павуціну) не працавала прэса. Таму пытанне СМІ - гэта заўсёды палітыка, заўсёды ідэалогія і заўсёды адказнасць. Асабліва сёння, калі гібрыдныя войны сталі агульным месцам, фейк-ньюс - галоўным словам і, на жаль, справай 2017-га, а інфармацыйнае поле Беларусі "прастрэльваецца” з усіх бакоў.

Нядзіўна, што прымаючы сёння кадравыя рашэнні па ключавых СМІ, Кіраўнік дзяржавы нашмат пашырыў тэму і сухі пратакол узгадненняў і прызначэнняў. "Архіважныя гэтыя кадры", - сказаў бы класік. Ды і людзі, якія ўзначальвалі Белтэлерадыёкампанію, "СБ. Беларусь сегодня" і Сталічнае тэлебачанне, невыпадковыя. Журналісты сваёй эпохі, якія прайшлі разам з рэспублікай шлях ад саюзнага асколка да ўстойлівай суверэннай дзяржавы.

У сярэднім сёння кожны беларус праводзіць ля экрана амаль 4 гадзіны. Напоўніць гэты час нацыянальным, цікавым і канкурэнтным кантэнтам і было місіяй Генадзя Давыдзькі. З яго прыходам Белтэлерадыёкампанія стала паўнавартасным холдынгам, што заняў адразу шэсць тэлекнопак, у тым ліку спартыўную пятую і спадарожнікавую дваццаць чацвёртую. Поўная і знаёмая ўсяму свету тэлелінейка. Па ёй глядач шмат у чым вымярае краіну і сябе як яе грамадзяніна.

Яшчэ адзін гігант айчыннай медыяіндустрыі - "СБ. Беларусь сегодня". Сёння больш чым газета, больш чым холдынг і нават больш чым рэдакцыя. Самая тыражная, мае свой інтэрнэт-партал, мабільны дадатак і нават інтэрнэт-тэлебачанне. Каласальны аўтарытэт і ўплыў на грамадскія настроі. 24 гады гэтай глыбай кіраваў глыба журналістыкі Павел Ізотавіч Якубовіч. Тонкі і дакладны ў ацэнках аўтар. Бліскучы спікер і палеміст. Грамадскі дзеяч, які ўзнімаў самыя вострыя тэмы сучаснай Беларусі.

Сёння адна з умоў інфармацыйнага суверэнітэту - працаваць не па чужым парадку дня, а задаваць свой, з нацыянальнымі інтарэсамі і нацыянальным поглядам на факты і падзеі. Прэзідэнт лічыць, што такі вопыт можа і павінен працаваць на Беларусь - ад грамадскага савета пры МУС да Савета Рэспублікі.

Адзначыў Прэзідэнт і ўклад у нацыянальнае вяшчанне Юрыя Казіяткі. Значны рывок ад хоць і сталічнага, але ўсё ж рэгіянальнага вяшчальніка да паўнаважкага рэспубліканскага ўзроўню. СТБ "дало бой" за цікавасць гледачоў і нашаму холдынгу, і АНТ, і імпартным каналам. Адзначана і ваенная выпраўка кіраўніка.

Тры ключавыя кадравыя рашэнні сённяшняга дня.

Іван Эйсмант – кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі. Па адукацыі юрыст і дзяржкіраўнік. Абедзве вышэйшыя з адзнакай. У журналістыцы прайшоў усе прыступкі - ад эканамічных і крымінальных навін да выніковай аналітыкі. Узначальваў, бадай, лепшую кузню тэлежурналістаў краіны - Агенцтва тэленавін. Апошні год як намеснік старшыні курыраваў у тым ліку тэхнічнае пераўзбраенне - той самы пераход на высокую якасць HD.

Новым галоўным рэдактарам "СБ. Беларусь сегодня" стаў найдасведчаныфы Дзмітрый Жук. Амаль 15 гадоў ён узначальваў БелТА - Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Гэта самы аўтарытэтны пастаўшчык навін з інфармагенцтваў, ні разу нават не западозраны ў фэйку. Што для сённяшняй сусветнай журналістыкі, згадзіцеся, - амаль неверагоднае рэнамэ.

Сталічнае тэлебачанне ўзначаліў Ігар Луцкі. Як журналіст і кіраванец прайшоў школу БелТА і "Новага радыё". Да апошняга часу курыраваў развіццё айчыннай медыяіндустрыі як першы намміністра інфармацыі.

Усё трыа - журналісты са стажам, харызмай і вопытам. У нюансах ведаюць праблемы галіны і запыты гледачоў, падпісчыкаў і чытачоў. Пры гэтым, як адзначае Прэзідэнт, людзі дзяржаўныя, дзеля "хайпу" - танных рэйтынгаў - інтарэсамі дзяржавы і грамадства не паступяцца. А вось неабходнае абнаўленне, якасць і дынаміку ў свае рэдакцыі ўнясуць.

Дзяржаўныя людзі адным з прыярытэтаў бачаць развіццё нацыянальнага кантэнту. Так, сёння інфармацыя глабальная, і на ціхую Беларусь уплываюць і выбуховыя выбары ў Штатах, і рэальныя выбухі бомб ва Украіне і Сірыі. Але беларускі чытач і глядач павінен ведаць пра гэтыя падзеі праз прызму айчынных інтарэсаў. А нацыянальны парадак дня - ад поля да вялікай палітыкі і ўвогуле наша інфармацыйная кухня. Нядобра, калі стравы ў ёй, асабліва сумнеўнай якасці, падаюць з чужых "рэстаранаў".

Галоўным трэндам мінулага 2017-га, дарэчы, і стала паніжэнне папулярнасці замежных каналаў і павышэнне долі айчынных вяшчальнікаў. Напрыклад, лінейка Белтэлерадыёкампаніі дадала амаль працэнт глядацкіх сімпатый. Хоць выклікі застаюцца. Для газеты гэта - сыход падпіскі ў павуціну, Глабальную. Друкаваны тыраж - меншы, а ў Інтэрнэце - зусім іншая аўдыторыя і запыты.

Для тэлеканалаў акрамя ўтрымання - важная форма. Здымкамі з паветра, камерамі гоу-про, якія паўтараюць рух і погляд аператара, ужо не здзівіць. У лічбавую эпоху важна, каб малюначак "звінеў", як кажуць медыйшчыкі. А гэта і студыі, і вядучыя, і аператарскае майстэрства. Плюс, безумоўна, крэатыўнасць. Заснула рэдакцыя - засталася без гледачоў. Асабліва, калі канкурыраваць трэба не толькі з беларускімі калегамі, а з усімі сусветнымі вяшчальнікамі.

Два ключавыя нараканні Прэзідэнта: да спартыўнага вяшчання і занадта павольнага пераходу ў HD-якасць. Спорт сёння - другая палітыка. Для іміджу краіны часам і першая. Тым больш у Еўрапейскія гульні і ў інфраструктуру ўкладзены вялізныя грошы. Не паказаць гэта на сусветным узроўні - значыць абясцэніць працу не толькі спартсменаў, але і сотняў тысяч беларусаў іншых прафесій.

Па HD таксама відавочна, "мыла" на жаргоне працаўнікоў ТБ, або невыразны малюначак, адштурхвае распешчанага гледача. Ён сыходзіць у Сетку, дзе малюначак нават з недарагога гаджата - ужо HD.

Перавесці на лічбу такі гігант як Белтэлерадыёкампанія - задача аб'ёмная. Дзясяткі прафесійных камер, студый і мантажных. Увесь ланцужок пастаўкі навін ад здымкі да эфіру. Вельмі дорага. Але, новая лічбавая апаратная - тэхналагічнае сэрца Макаёнка, 9, ужо манціруецца. У красавіку пачне трансліраваць у новай якасці. Да лета цалкам абновяць студыі - ад невялікай навінннай да вялікай, дзе прапісаны ток-шоу і вялікія фарматы. Плюс да Еўрагульняў закупяць 4 HD перасовачныя станцыі, каштуюць звыш 27 мільёнаў долараў. Па прэзідэнцкім Указе іх пракрэдытуе Банк Развіцця. Дорага - так, але ў выніку з лета ў гледача будзе "звінячы" малюначак. А на Еўрагульнях на добрым тэлевізары можна будзе разгледзець кожную перамогу ў драбнюткіх дэталях. І на гэтым галоўны медыяхолдынг краіны не збіраецца спыняцца.

Прыярытэты - расстаўлены. Кадры - вопытныя і амбіцыйныя, маладыя, таксама на сваіх рабочых месцах, ужо праз гадзіну пасля рашэнняў Прэзідэнта. СМІ сёння - спартыўнай мовай: гэта марафон на хуткасці спрынту. Новыя тэхналогіі - не аблягчаюць, а толькі паскараюць бег. Але тут таксама як у спорце – сапраўднаму атлету патрэбна перамога, а не ўдзел. А перамогай стане, калі нашу карціну кожнага інфармацыйнага дня напішуць і пакажуць нашы журналісты, з нашых нацыянальных пазіцый.