Прэзідэнт Беларусі прыме ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

8 июня 2018

Прэзідэнт Беларусі накіраваўся з рабочым візітам у Кітай для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Форум адбудзецца ў горадзе Цындаа.

Самалёт Кіраўніка дзяржавы вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Паводле інфармацыі прэс-службы Прэзідэнта, на саміце Аляксандр Лукашэнка выкажа пазіцыю і прапановы Беларусі наконт развіцця гэтай арганізацыі і рэалізацыі новых кірункаў супрацоўніцтва паміж яе членамі. Таксама на парадку дня - умацаванне бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне. Беларускі лідар правядзе і некалькі двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі краін - удзельніц саміта. У іх ліку перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Асноўная ўвага на сустрэчы будзе нададзена ўмацаванню супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, рэалізацыі наяўных і распрацоўцы новых праектаў, паглыбленню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва - найбуйнейшая інтэграцыя, якая аб'ядноўвае 8 краін. Гэта Расія, Кітай, Індыя, Казахстан, Пакістан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Беларусь атрымала статус назіральніка ў аб'яднанні ў ліпені 2015 года. Такія ж магчымасці маюцца ў Афганістана, Ірана і Манголіі. Яшчэ шэсць дзяржаў працуюць у якасці партнёраў па дыялогу. У цэлым жа тэрыторыя краін, якія ўваходзяць у арганізацыю, займае 60 % тэрыторыі Еўразіі. А агульная колькасць насельніцтва складае палову насельніцтва планеты. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва не з'яўляецца ваенным блокам, а паслядоўна выступае за ўмацаванне стабільнасці, бяспекі і развіццё эканамічнага супрацоўніцтва.

У Цындаа гэтымі днямі ўжо працуе беларуская дэлегацыя. Першыя вынікі - новыя падпісаныя кантракты з кітайскімі партнёрамі. Пагадненні на агульную суму амаль 700 мільёнаў долараў сталі вынікам выкананняў даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па развіцці ў Беларусі сферы электрамабілебудавання, а таксама выхаду нашай сельгаспрадукцыі на кітайскі рынак.