Прэзідэнт Беларусі павіншаваў праваслаўных вернікаў

7 апреля 2018

Свет рыхтуецца да Вялікадня. Заўтра - галоўнае хрысціянскае свята, а сёння - Страсная або Вялікая субота. Праваслаўныя вернікі ўспамінаюць цялеснае пахаванне Ісуса Хрыста і сашэсце Яго ў пекла. Па традыцыі ў гэты дзень прынята займацца падрыхтоўкай да Вялікадня. Яго адзначаць у ноч з суботы на нядзелю. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў праваслаўных вернікаў.

"Святы Вялікдзень сімвалізуе перамогу жыцця і аб'ядноўвае людзей, для якіх маральнымі арыентырамі з'яўляюцца дабрыня і літасць. Гэтае свята раскрывае сутнасць хрысціянства, напоўненага святлом і любоўю, і азначае духоўнае абнаўленне кожнага чалавека, які адкрыў сваё сэрца для веры. Асаблівая атмасфера гэтых дзён дорыць вернікам глыбокую, непадробную радасць, умацоўвае імкненне рабіць добрыя справы, акружаць клопатам родных, блізкіх і тых, хто мае патрэбу ў спачуванні і падтрымцы. Хай Вялікдзень прынясе ў вашы дамы і сем'і спакой, дабрабыт і вясновы настрой", - гаворыцца ў віншаванні.