Прэзідэнт Беларусі наведаў з рабочай паездкай Гомельскую вобласць

11 августа 2018

Развіццё рэгіёна, абнаўленне медыцынскай базы і будучыня прамысловых грандаў. Гэтыя тэмы былі галоўнымі падчас рабочай паездкі Прэзідэнта Беларусі ў Гомельскую вобласць.

Кіраўнік дзяржавы наведаў абноўленую дзіцячую абласную бальніцу. Гэта было даручэннем Прэзідэнта - рэканструяваць клініку. У выніку плошча медустановы павялічылася ўтрая. Штогод па медыцынскую дапамогу сюды звяртаюцца больш як 20 тысяч дзяцей. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя і вобласці на неабходнасць даабсталявання клінікі і руплівы падыход у пытаннях кадравага забеспячэння.

Наведваючы завод "Гомсельмаш", Кіраўнік дзяржавы гаварыў аб тым, што найбліжэйшыя гады будуць не самымі простымі для прамыслоўцаў - трэба выстаяць, павышаючы якасць і хутчэй вырабляючы новыя мадэлі тэхнікі. Да гэтага аграрнага сезона Аляксандр Лукашэнка даручаў паказаць працу новага сучаснага высокапрадукцыйнага суперкамбайна, які не будзе ўступаць сусветным аналагам, але пры гэтым ён больш танны. Такі экзэмляр ужо сышоў з канвеера гэтым летам.

Падчас зносін Аляксандра Лукашэнкі з калектывам Гомсельмаша размова ішла не толькі аб перспектывах прадпрыемства, але і аб сацыяльнай сферы - Прэзідэнт высока ацаніў вынікі рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Была закранута і спартыўная тэматыка.