Прэзідэнт Беларусі наведаў святочную лінейку ў Александрыі і падзяліўся ўспамінамі

1 сентября 2018

Ключ да ўпэўненай будучыні - гэта веды. З такімі словамі ў гэты важны дзень Прэзідэнт Беларусі звярнуўся да ўсіх, хто сядзе за парты, а таксама да настаўнікаў і бацькоў.

Сёння Кіраўнік дзяржавы адправіўся на сваю радзіму, дзе наведаў святочную лінейку ў школе, у якой вучыўся сам. Беларускі лідар прызнаўся, што Александрыйская школа займае асаблівае месца ў яго жыцці, бо з ёй звязана вялізная колькасць уражанняў. Кіраўнік дзяржавы пажадаў юнаму пакаленню шанаваць кожнае імгненне і тыя ўрокі, якія дае школа. А вучыцца важна не дзеля адзнакі, а дзеля дасягненні высокіх мэтаў. На гэтым шляху галоўныя памочнікі - настаўнікі.

Парада ад Прэзідэнта школьнікам: каб новы навучальны год быў паспяховым, настроіцца на сур'ёзную працу трэба адразу. І памятаць, што лепшы адпачынак - гэта спорт, тым больш адзін з падарункаў ад Аляксандра Лукашэнкі - пляцоўка з трэнажорамі. А настрой гэтага першага дня трэба захаваць на ўвесь год. Школьнікі да лінейкі падрыхтавалі святочную праграму, у падарунак да Дня ведаў і выступленні зорак эстрады. Галоўная тэма – любоў да малой радзімы.

У Александрыйскай школе сёлета сядуць за парты больш за 200 дзяцей. 18 - першаклашкі. Сёння тут ёсць сучасныя класы інфарматыкі, фізікі, хіміі. На ўроках выкарыстоўваюць мультымедыйныя тэхналогіі. У гэтым навучальным годзе з'явіліся яшчэ і інтэрактыўныя маніторы - падарунак Прэзідэнта. Вядома, з тых часоў, як тут вучыўся Аляксандр Лукашэнка, многае змянілася. Але той самы клас, дзе за партай сядзеў будучы Прэзідэнт Беларусі, захавалі. Невялікі музей у суседнім будынку старой школы. Тут усё, як у 60-ых: драўляныя парты, дошка, чарніліцы. Сёння ў гэтым класе і Аляксандр Лукашэнка ўспомніў свае школьныя гады. Усе падрабязнасці ў нашым наступным выпуску.