Прэзідэнт Беларусі наведаў Парк высокіх тэхналогій

12 апреля 2019

Прэзідэнт Беларусі сёння ацаніў працу рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з найноўшымі распрацоўкамі. Сярод іх - галаграмы, якія можна выкарыстоўваць як для прэзентацый, так і рэкламы. Дарэчы, такую прыладу адна з IT-кампаній перадала ў Палац Незалежнасці. У памяць камп'ютара дададзеныя відарысы герба і флага. Асобная ўвага Кіраўніка дзяржавы - распрацоўцы разумных робатаў. Яны ўжо ўкаранёныя ў вытворчасць, і гэта цалкам беларуская распрацоўка. Як адзначыў беларускі лідар, у перспектыве такія машыны могуць збіраць рухавікі і аўтамабілі.

Яшчэ адзін важны дадатак - праграма, якая дазваляе фермерам значна сэканоміць грошы і час. Па спадарожніку алгарытм вылічвае якасць поля, што там можна сеяць і колькі ўгнаенняў спатрэбіцца. Распрацоўкі актыўна ўкараняюцца і ў рэальным сектары эканомікі. Прыклад таму - крыптабіржа, першая афіцыйная ў свеце. А таксама адкрытая крыніца для замежных інвестыцый.

Праграмісты - гэта людзі, якія прывыклі нават сур'ёзныя перамовы весці ў кашулях і вадалазках. Таму для размовы з Прэзідэнтам выбралі фармат без гальштукаў. Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: прарывы ў ІТ - выдатна, але неабходна рухацца і развівацца далей. Дзяржава гатовая дапамагчы.

Пасля прыняцця Прэзідэнтам 8-га дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ў Беларусі пачаўся ІТ-бум. Колькасць рэзідэнтаў ПВТ вырасла да 454. Экспарт Парка высокіх тэхналогій склаў амаль паўтара мільярда долараў. Больш за тое, гэта 45 000 рабочых месцаў і, вядома, падаткі. Бо праграмісты плацяць падаходны ў тры разы вышэйшы за сярэднія лічбы па краіне. Прэзідэнт паабяцаў IT-сектару далейшую падтрымку. А таксама даручыў ураду вярнуцца да пытання аб стварэнні Міністэрства лічбавай эканомікі і прыняць у другім квартале гэтага года рашэнне, ці патрэбна ў краіне такая структура.