Якасць, надзейнасць, канкурэнтны кошт - асноўныя крытэрыі, якія вызначаюць попыт на рынку. Падчас наведвання МАЗа быў зроблены свайго роду агляд прадукцыі асноўных прадпрыемстваў айчыннага машынабудавання. Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці работы па імпартазамяшчэнні, паніжэнні выдаткаў, павелічэнні долі камплектуючых уласнай вытворчасці. Андрэй Крывашэеў - больш падрабязна.
Сённяшні візіт Прэзідэнта на галоўны брэнд, а, па сутнасці, аблічча нашага машынабудавання - Мінскі аўтамабільны завод - адкладаўся амаль год. Але за гэты час МАЗ, па сутнасці, выратавалі другі раз у гісторыі. Бо ў 2015-м ледзь не паўтарылі крах 90-ых. Зрэшты, гутарка сёння выйшла далёка за межы аднаго завода, хай і гіганта. За насычаныя 4,5 гадзіны выязной працы на вышэйшым узроўні глыбока і прадметна абмеркавалі ўсе болевыя месцы нашага рэальнага сектара на колах і азначылі будучыню - ад новых модульных МАЗаў, калі заказчык сам, як з канструктара, збірае працоўнага коніка для свайго бізнесу, да новых "джылі", на іх неўзабаве перасядзе вертыкаль улады ад райвыканкама да міністраў.
Мінскі аўтамабільны - не выпадковы пункт прэзідэнцкага маршруту. Ён, як самы складаны агрэгат у аўтамабілі, увабраў у сябе ўсе праблемы і ўласнай вытворчасці, і сусветнага рынку. Нават не падзенне - абвал сусветнага попыту ў 2-3 разы стукнуў па цэнах, вымыў абаротныя сродкі, амаль адрэзаў галоўны і блізкі расійскі рынак, а на далёкіх - у Азіі, Амерыцы і Афрыцы - дэмпінгуюць выклятыя канкурэнты. Мала таго, на словах рыначнікі, на справе ўстанаўліваюць непераадольныя пошліны. Насуперак і ў абыход норм СГА. Прапісная ісціна: свая кашуля - бліжэй да цела. Адзінае выйсце - шыць разам, г. з. "захадзіць на рынак" сумеснай зборкай і прадпрыемствамі.
Яўген Крупенька, начальнік упраўлення маркетынга ААТ "МАЗ": "Розныя праграмы стымулявання тэхнікі расійскіх канкурэнтаў, у ЕС гэта высокія ўвазныя пошліны, з якімі нам прыходзіцца змагацца за кошт стварэння зборачных вытворчасцяў, паніжэння лагістыкі... Тое ж справядліва і для рынку Лацінскай Амерыкі, і для рынкаў краін Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці, АСЕАН, дзе мытныя пошліны дасягаюць 200%. Адзіны спосаб дабіцца канкурэнтнага кошту - знізіць выдаткі і абысці гэтыя пошліны, у тым ліку за кошт увозу тэхнікі не поўна сабранай, а ўвозу кампанентаў і зборкі на тэрыторыі мэтавага рынку".
2015-ы стаў для МАЗа момантам ісціны. Ізноў, як у 90-ыя, загаварылі аб закрыцці гіганта. Бо згортваюць жа цэлыя заводы ва Усходняй Еўропе. Але ў Беларусі не драпежны капіталізм, і нацыянальны набытак падтрымала дзяржава. Рэсурсамі, прамым дзяржзаказам, адкрыццём новых рынкаў асабіста Прэзідэнтам - гэта Пакістан, Цэнтральная і Усходняя Азія. Але калектыву нават з такім плячом прыйшлося несалодка. Часта працавалі не поўны тыдзень, зарплаты ў рублях замерлі, частку супрацоўнікаў скарацілі, а частку перакупілі канкурэнты.
Аляксандр Мышко, галоўны канструктар ААТ "МАЗ": "Нашы спецыялісты, якія, на жаль, пайшлі на павышэнне ад нас, працуюць зараз на АўтаВАЗе ў групе дызайнераў пад кіраўніцтвам італьянскіх майстроў і робяць знакамітыя прыгожыя аўтамабілі. Але ў нас на змену ім прыйшлі іншыя людзі, якія таксама з часам дасягнуць такога жа ўзроўню майстэрства".
Зрэшты, дзяржпадтрымка прыйшла своечасова. Як і жалезнае правіла Прэзідэнта - брэндавыя заводы, за якімі гісторыя краіны, не губляць, калектывы берагчы як зрэнку вока. У выніку дзяржзаказу і бітвы на знешніх рынках складскія запасы скараціліся ў 3 разы, да вялікай, але не крытычнай лічбы - 98 мільёнаў долараў. За пастаўленую, але не аплачаную тэхніку ад знешніх даўжнікоў атрымалася вярнуць на МАЗ 156 мільёнаў долараў, даўгі па Беларусі знізіліся на чвэрць.
Але гэта лічбы, а ўбачыць эфект ад падтрымкі ўжывую Прэзідэнт вырашыў асабіста і на месцы.
Першы пункт маршруту - выставачная пляцоўка. Тут уся лінейка сучаснасці і будучыні Мінскага аўтазавода і не толькі - па сутнасці, усяго айчыннага машынабудавання. Але Прэзідэнта здзіўляе новенькі асфальт пад нагамі. Няўжо паказуха? Бо калі так, то і лічбам верыць не варта. Кіраўніка дзяржавы ўпэўніваюць: асфальт паклалі эканомна і рацыянальна, інакш да навінак тэхнікі было б не падабрацца.
Далей ізноў лічбы. Рэнтабельнасць адмоўная, але ўжо не катастрафічныя мінус 30, заводу атрымалася перакрэдытавацца - гэта значыць, аслабіць пазыковую завесу. Але Прэзідэнта цікавіць за кошт чаго поспех і ці не павісне МАЗ ізноў на дзяржзаказе і дзяржказне.
Далёкая дуга мазаўскага экспарту большае арабскім рэгіёнам і Паўднёва-Усходняй Азіяй - тут падваенне, Еўропа - Заходняя і Цэнтральная, рост паставак у 3 разы, Лацінская Амерыка - напалову, Афрыка ў 6,5 раза. Але гэта пастаўкі ў некалькі сотняў штук, уваходжанне і замацаванне на новых рынках. У 2016 геаграфія з 30 краін дапоўніцца Лаосам, Філіпінамі, Інданэзіяй, Зімбабвэ, Суданам, Аманам і Эквадорам. Гэта выдатна для маркетынгу і стратэгіі, але не вырашае агульнага ўзроўню продажаў. Яны па-ранейшаму фарміруюцца ў Расіі і СНД. А тут нават планавы рост пасля крытычнага спаду - усяго на чвэрць.
Віктар Ляшкоў, начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў у краінах далёкага замежжа: "У першую чаргу - у Еўрасаюз мы пастаўляем тэхніку Еўра-6, гэта пасажырская тэхніка. У пачатку сакавіка адкрытае новае зборачнае прадпрыемства ў Польшчы. Мы рэалізуем шэраг кантрактаў у Сербіі. Гэта пастаўляем машынакмплекты, дзе ўжо на нашым зборачным прадпрыемстве збіраем гатовую прадукцыю. Што датычыцца краін Афрыкі і Персідскага заліва, гэта грузавая тэхніка".
Пераадольваючы бар'еры і пошліны, МАЗ пранікае на новыя рынкі зборачнымі вытворчасцямі, гандлёвымі прадстаўніцтвамі і дылерскай сеткай. Новыя заводы па зборцы ў В'етнаме і Польшчы. Гандлёвае партнёрства запрацавала ў Манголіі, Егіпце, Турцыі і Эквадоры - а там свае вытворцы, і канкурэнты пхаюць локцямі рэгулярна. Дылеры дацягнуліся пастаўкамі да Эфіёпіі, Амана і Перу. Фактычна экзотыка. Але для дыверсіфікавання - жыццёва важная геаграфія.
Экспарт - выдатна, але ўнутраны рынак парадаксальна недаатрымаў каля 100 машын. Тэхніка гатовая. Кліенты - з грашыма. Але банкі не спяшаюцца крэдытаваць здзелкі, а ўрад субсідаваць. Б'юцца за 2% ставак, пытанне, якое вырашаецца за суткі, цягнецца тыднямі. Прэзідэнт папярэджвае і ўрад, і дырэктарат, і банкі.
Недапушчальна, на думку Прэзідэнта, скардзіцца і на расійскі рынак. Беларусь ужо чвэрць стагоддзя - незалежная дзяржава. У саюзніка сёння свае праблемы, і свае вытворцы. Нашы ж канкурэнтныя перавагі - якасць і дысцыпліна.
Яшчэ адно вострае пытанне - пасрэднікі. Для заваявання новага рынку дапушчальна. Але без жулікаў у ланцужку. Інакш выйдзе як з БелАЗам у Паўднёвай Афрыцы. Недаатрымалі 20 мільёнаў. Вінаватыя ўжо ў турме, але як вярнуць грошы - дагэтуль вялікае пытанне.
Таксама недапушчальна губляць рынкі, адкрытыя на вышэйшым узроўні. Размова аб Пакістане. З ім дзякуючы асабістаму візіту Прэзідэнта адносіны лепшыя ў гісторыі. Нашу тэхніку чакаюць, але прамаруджвання не пацерпяць.
Пра тэхналогіі будучыні гаварылі падрабязна. Сур'ёзны праект - пераход з саляркі на газ. Самі машыны выходзяць крыху даражэйшымі - замест дызельнага бака звыштэхналагічныя крыягенныя, плюс новыя рухавікі. Складанае абсталяванне пакуль закупліваем у Еўрасаюзе, але Мінскі аўтамабільны і маторны ўжо пачалі распрацоўваць сваю лінейку. Газпрам гатовы за свой кошт развіваць сетку газавых заправак у Беларусі, а эксплуатацыя машын на газавым паліве выйдзе ў 2-3 разы танней. Гэта рынак, перавага і стабільны попыт. Прэзідэнт дае даручэнне на базе трох аграпрадпрыемстваў ужо будучай вясной пасеяць на газавым паліве. Пілотны праект, калі акупіцца, можа стаць мадэллю для ўсяго АПК краіны і вывесці яго на стабільную прыбытковасць.
Першыя ўзоры тэхнікі МАЗа і МТЗ на газавым паліве Прэзідэнту дэманструюць тут жа на пляцоўцы. Гэтае сусветная будучыня. На яе робяць стаўку ў Штатах, Канадзе, Расіі і шэрагу краін Еўрасаюза. Прамарудзіць сёння - значыць упусціць рынак і звышпрыбытак за навацыі.
Яшчэ адна тэхналогія і ўжо сучаснасці - электрамабілі. Прычым не толькі звыклыя нам седаны, а гарадскі транспарт. Замест тралейбусаў і аўтобусаў электробусы. МАЗ ужо лідзіруе ў СНД у гэтай нішы. 10 машын пастаўленыя сталіцы, адпрацавалі год і ўдасканаленыя. Новае пакаленне - каля 100 адзінак - пойдзе на экспарт у Расію. Не закрыты для зялёнага транспарту і рынак ЕС. Прэзідэнт падкрэслівае: гэта і беларускі шлях, бо з запускам атамнай электрастанцыі з'явіцца вялізная энергія, і спачатку дзяржава згодная падтрымаць бум на электрамабілі ў Беларусі. Галоўнае - каб яны ствараліся ў нас. Напрыклад, на пляцоўцы "Джылі".
Паказалі Прэзідэнту і новую лінейку стандартных беларуска-кітайскіх легкавушак. Зацікавіў прадстаўніцкі клас. У два разы таннейшы за аналагі, а па якасці не горшы. Аляксандр Лукашэнка даручае без ажыятажу, але перасаджваць нашых чыноўнікаў на нашы "джылі". Гэта і патрыятызм, і попыт, і рэклама для ўсіх беларусаў.
Слабыя месцы сучаснага МАЗа - ліццё, кавальская справа, трансмісія, рухавікі і кабіна. Без гэтага цяжка заваёўваць новыя рынкі і канкурыраваць за самы прэміяльны сегмент. Але ўся праграма мадэрнізацыі каштуе амаль 430 мільёнаў долараў на 6 гадоў. Прэзідэнт не супраць, але з адной умовай - спачатку гарантаваныя рынкі збыту і толькі потым размовы пра новыя крэдыты.
На выставачнай пляцоўцы МАЗа Прэзідэнту дэманструюць усё новае сямейства тэхнікі. Прыцягваюць увагу модульныя грузавікі. Заказчык сам збірае патрэбную мадэль, як з канструктара. Тэхніка з правым рулём - гэта запыт Афрыкі, Інданезіі і Малайзіі - пакрываем вялізныя ёмістыя рынкі; паўнапрывадная тэхніка - для цяжкіх кар'ераў і ўмоў. Правяралі ў Сібіры. Вытрымала. Важная ніша - разам з кітайскімі партнёрамі. Новы гарадскі пыласос без пылу падчас прыбірання і аўтакраны павышанай магутнасці.
Пакуль страла вырабляецца кітайскімі партнёрамі. Патрабаванне Прэзідэнта - максімальна лакалізаваць вытворчасць у Беларусі. Гэта і рабочыя месцы, і даходы. Для гэтага і створаны Парк высокіх тэхналогій. Сёння сярэдні мінскі грузавік айчынны толькі на 65-80%.
Асобная ўвага транспарту сацыяльна значнаму. Малы "школьны аўтобус" будзе працаваць не толькі для школьнікаў, але і звяжа райцэнтры з аграгарадкамі. Гэта новая якасць жыцця беларускай правінцыі і выгада для руплівых гаспадароў на зямлі.
Акрамя тэхнікі МАЗа, на пляцоўцы БелАЗ і Амкадор. Становішча гэтых гігантаў замяраюць па ўзроўні Мінскага аўтамабільнага. Жодзінцы на галаву вышэй. Стабільныя заказы, а падчас крызісу ў два разы павялічылі долю на рынку. Ключавая навацыя - падаўжэнне тэрмінаў эксплуатацыі да першага рамонту. За тыя ж грошы кліент атрымлівае двухразовы рэсурс з 300 да 600 тысяч кіламетраў. Пры гэтым актыўна распрацоўваюць і вырабляюць новую тэхніку: падземныя машыны, пагрузчыкі, аэрадромныя цягачы і нават альтэрнатыва Вольва - лідара ў самім цяжкім класе.
Амкадор - тэхніка для сучаснага горада і вытворчасці. Толькі сёлета плюс шэсць новых мадэляў. Гэта якасць і выхад на 90% лакалізацыю. Г. зн. 9 з 10 запчастак айчынныя, беларускія. Пры гэтым таннейшыя за еўрасаюзаўскія аналагі на траціну і нараўне з кітайскімі цэнамі. Плюс тры новыя заводы: два ў Дзяржынску і адзін у Пінску. Прэзідэнта запрашаюць на адкрыццё. Г. зн. гэты сегмент нават падчас крызісу трымаецца сам і трымае рынкі.
Наступны гігант і брэнд - Гомсельмаш. Сітуацыя складаная амаль як на МАЗе. Тэхніку ўдасканалілі, але знешнія рынкі закрываюцца пошлінамі і субсідыямі. У Расіі сваіх даціруюць на траціну. Прэзідэнт дае даручэнне прэм'еру вырашыць з саюзнікамі пытанне наконт роўных умоў, інакш які ж гэта саюзны дагавор? Асаблівы акцэнт на камбайне невялікім і бюджэтным. Мара фермера. Прэзідэнт упэўнены: такі, як і "школьны аўтобус", павінен быць у кожнага руплівага гаспадара.
МТЗ акрамя трактара на газе здзіўляе гігантам - 450 конскіх сіл, самы магутны ў Беларусі і без аналагаў у СНД. У цэлым трактарны ў машынабудаванні перажывае другое нараджэнне і па тэхналогіях, і па лінейцы машын.
Адметнасцьвыставы - МАЗ спартыўны. Прэзідэнт хварэў за нашых у Дакары і быў непрыемна здзіўлены тым, як падвялі выдатных пілотаў расійскія рухавікі. Даручэнне - паставіць лепшыя сусветныя, каб на найбліжэйшай гонцы "Шаўковы шлях" нашы былі ў прызёрах, а лепш на п'едэстале.
Прэзідэнту як гаранту выжывання беларускага машынабудавання ў цэлым і аўтааматару са стажам дораць адразу два падарункі. Адзін для рэзідэнцыі - мадэль новага грузавіка, другі для спартыўнага характару - экіпіроўку беларускага пілота ралі "Парыж - Дакар".
Наступны пункт маршруту - зборачны цэх. Туды Прэзідэнт дабіраецца на новенькім рэйсавым аўтобусе. Але мяняе першапачатковы маршрут, каб прыдзірліва агледзець усю тэрыторыю завода - як трацяцца грошы. Аглядам Прэзідэнт застаўся задаволены. Усюды аж да далёкай агарожы чыста і ахайна. Дагледжана выглядаюць нават тыя будынкі, гісторыя якіх ужо даўно пераваліла за паўстагоддзя.
На самой зборцы Прэзідэнт адкрыта і падрабязна размаўляе з простымі рабочымі. Інфармацыя ад іх самая пэўная. Тут не схавацца за лічбамі. Асноўныя праблемы мазаўцаў - якасць і ўласная вытворчасць дарагіх дэталяў: трансмісія, рухавікі. На гэтым страчваем рынкі. Прэзідэнт даручае максімальна выціснуць з дзеючых магутнасцяў. На новыя пакуль няма рэсурсаў, а чапляцца за рынкі трэба, калі прыйдзецца, зубамі.
У сярэдзіне маршруту Прэзідэнта чакаюць працоўныя. Па-першае, каб пачуць пра лёс завода. Ёсць апаска, што брэнд загубяць падчас крызісу. Па-другое, каб даведацца пра набалелае - рабочыя месцы і пенсіі.