Прэзідэнт Беларусі наведаў фабрыку "Камунарка"

18 марта 2016

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў фабрыку "Камунарка". Пачынаючы з 2012 года па даручэнні Кіраўніка дзяржавы на прадпрыемстве праводзілі маштабную мадэрнізацыю. За 4 гады ўклалі амаль 46 мільёнаў долараў. На фабрыцы з'явіліся новыя лініі па вытворчасці шакаладу, вафельных і памадных цукерак. Сёння прадукцыя "Камунаркі" экспартуецца ў 17 краін. Аляксандра Лукашэнку азнаёмілі з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці новых відаў кандытарскіх вырабаў і прапанавалі прадэгуставаць навінку - 75-працэнтны горкі шакалад без цукру. Пасля экскурсіі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўным калектывам.

Красная плошча. ГУМ. Гастраном № 1 называюць не толькі галоўным магазінам Масквы, але і ўсёй Расіі. А вось і кандытарскі прылавак. І беларускі шакалад тут - на бачным месцы. Ён даўно даспадобы не толькі масквічам, але і турыстам. Пастаўляць беларускія прысмакі сюды сталі тры гады назад, за гэты час прадажы выраслі ў 7 разоў.

Марыя Платонава, адміністратар гандлёвай залы Гастранома № 1: "Усе ўжо ведаюць, што такое беларускае. Беларуская якасць папросту можа канкурыраваць з Бельгіяй, Італіяй, Швейцарыяй. Беларускі шакалад па якасці не саступае".

Каб не саступаць па якасці, галоўнае - паспяваць у гонцы тэхпераўзбраенняў. Найвядомыя сусветныя брэнды, напрыклад, у Бельгіі ў вытворчасці выкарыстоўваюць самыя сучасныя тэхналогіі і абсталяванне.

Вопыт замежных кандытараў улічваюць і беларускія вытворцы. Гэта "Камунарка". За апошнія тры гады - адразу 4 новыя лініі.

Гэта сёння дырэктар Іван Данчанка з задавальненнем раскрывае рэпарцёрам сакрэты смачнай вытворчасці. А тады ў 2012-м новаму кіраўніку фабрыкі давялося несалодка. На прадпрыемстве мелася навесці парадак. На той момант буйны пакет акцый беларускіх брэндаў "Камунаркі" і "Спартака" - у руках амерыканскага бізнесмена. Пры гэтым значную частку ён павыкупляў у насельніцтва за бясцэнак з грубымі парушэннямі заканадаўства. Сыравіну для вытворчасці, какавы-бабоў, праз сваю ж кампанію амерыканскі інвестар прадае ўтрая даражэй. З вялікай накруткай беларускія цукеркі прадаваліся і ў Расію.

Гэта сітуацыя выклікала жорсткую рэакцыю Прэзідэнта. У кастрычніку 2012-га прама на прадпрыемстве - спецыяльная нарада, галоўная мэта якой - не дазволіць загубіць нацыянальны брэнд. А такая сітуацыя - яркі прыклад: інвестар інвестару розніца. Добрасумленным дарога адкрыта, а тым, хто гоніцца за імгненным прыбыткам, прыносіць урон прадпрыемствам, а значыць і эканамічным інтарэсам краіны - адназначна - чырвонае святло.

Менавіта тады, дэталёва разабраўшыся ў сітуацыі, Прэзідэнт прымае рашэнне: ліквідаваць наяўныя толькі фармальна наглядальныя саветы і змяніць кіраўніцтва "Камунаркі" і "Спартака". З тых часоў у найбуйнейшых прадпрыемстваў кандытарскай галіны пачалося, па сутнасці, новае жыццё.

На тэхнічнае абнаўленне "Камунаркі" дзяржава накіравала 524 мільярды рублёў. Абнавілі лініі, гарантавалі шакаладную бяспеку краіны, - тлумачыць дырэктар. А акупіцца мадэрнізацыя за 6 гадоў.

Прэзідэнт цікавіцца станам спраў у салодкай галіне ў цэлым. Праблемныя прадпрыемствы ёсць. Адно з іх - "Іўкон". Некалі найбуйнейшы экспарцёр краіны сёння не можа выплаціць зарплату супрацоўнікам. А акцыянеры не жадаюць фінансава падсілкоўваць сваё ж прадпрыемства. Тут у Прэзідэнта жорсткая пазіцыя: галоўнае - абарона інтарэсаў працоўнага калектыву.

На тэхнічнае абнаўленне айчыннага брэнда спатрэбіліся 3 гады. Дзякуючы мадэрнізацыі ўдвая знізіўся і знос абсталявання. Зараз у цэхах - аўстрыйскія, нямецкія і швейцарскія агрэгаты.

Раней у гэтым цэху працавалі 2 дзясяткі чалавек і ў змену выпускалі 5,5 тоны прадукцыі. Пасля мадэрнізацыі колькасць працаўнікоў удвая паменшылася, а прадукцыйнасць удвая павялічылася. Усё гэта дзякуючы новай могульнай лініі. Аналагаў няма ў Беларусі. Яна дазваляе вырабляць цукеркі з рознымі карпусамі і розным начыннем. Кандытары гэтую лінію любяць больш за ўсё, таму што менавіта тут можна ўвасобіць абсалютна любыя салодкія фантазіі.

Зараз на новай лініі выпускаюць 12 відаў цукерак з рознымі начыннямі. Жэле, нуга, памада або тофі - гэтае абсталяванне гатовае да любых ідэй. Дарэчы, на камп'ютарызаванай лініі працуе ў асноўным моладзь.

Адна з прыярытэтных задач - паніжэнне сабекошту прадукцыі. Шматлікія замежныя кампаніі гэтую праблему вырашаюць адмовай ад натуральнай сыравіны. Какава-алей змяняюць на кандытарскі тлушч. Танней на 17%, але такі шакалад беларусы есці не стануць, упэўненыя кандытары. Таму тут вырашылі: знізіць сабекошт можна і за кошт натуральных дадаткаў - напрыклад, арэхаў або марцыпанаў.

Пах лімона, на канвееры - яркае жэле. Тут поўны цыкл выпуску вядомага суфле. Тут жа гатовыя цукеркі аўтаматычна фасуюцца ў латкі па 200 грамаў.

Падлічана, што за год сярэднестатыстычны беларус з'ядае каля 13 кілаграмаў шакаладу. Аксана Блізнюк - у разы больш. Пасада галоўнага тэхнолага абавязвае ведаць на смак усе віды ласункаў. Штодня яна пробуе не толькі прадукцыю кожнага цэха, але нават кожнай партыі. Пры гэтым 16 гадоў салодкай працы на стане ніяк не адбіліся. За апошнія 2 гады тут прыдумалі каля 80 новых найменняў кандытарскіх вырабаў. Распрацоўка смакаў - працяглы працэс: улічваюць нават рэгіён, куды адпраўляюць цукеркі. А іх рассмакавалі ўжо ў 17 краінах. У планах сёлета наладзіць пастаўкі ў Канаду, В'етнам, ПАР, вернуцца саладосці на прылаўкі Таджыкістана і Эстоніі.

Аксана Блізнюк удзельнічала ў распрацоўцы і зусім новага віду шакаладу. Спадабаецца ён тым, хто аддае перавагу здароваму харчаванню. Бо гэтая саладосць - абсалютна без цукру. Стварыць у Беларусі такі 75-працэнтны шакалад - ідэя Кіраўніка дзяржавы. Навінку Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае пакаштаваць усім прысутным і нават тэлеаператарам.

Над дызайнам шакаладкі з назвай "Прэзідэнт" яшчэ будуць працаваць. Бо ў салодкай справе абгортка - першае, на што звяртае ўвагу пакупнік. Дарэчы, над упакоўкай цукерак "Камунаркі" працуе расійская кампанія - уладальніца двух канскіх ільвоў. І тут не столькі вокладка мае значэнне, колькі крэатыўная канцэпцыя. Вось, напрыклад, 12 цукерак для розных выпадкаў жыцця.

Іван Данчанка, генеральны дырэктар СААТ "Камунарка": "Пайшоў дождж, схаваўся да дзяўчыны пад парасон і заадно пазнаёміўся. Пачаставаў цукеркай. І такіх сітуацый у нас 12".

Дарэчы, дзяўчыны - гэта 80 % калектыва "Камунаркі". Вядома, і з імі Прэзідэнт дзеліцца ўражаннямі ад наведвання фабрыкі. У цэлым мадэрнізацыяй прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка задаволены.

Вядома, Аляксандр Лукашэнка неабыякавы да лёсу беларускіх прадпрыемстваў. І гэта пазіцыя не толькі Кіраўніка дзяржавы, але і проста грамадзяніна. Яны павінны працаваць эфектыўна і пад адказным кіраўніцтвам. І тут не так важна, хто ўласнік - дзяржава або бізнес. Тут усе роўныя: падыходзіць да справы трэба па-гаспадарску.

Сёння абмеркавалі і лёс знакамітай "Лакомки" ў цэнтры Мінска, якую збіраліся закрыць. Легендарны кандытарскі магазін быў адкрыты ў 1952 годзе і стаў ужо брэндам горада. Прынята рашэнне перадаць салодкае месца "Камунарцы". Фабрыка зараз як раз развівае шакаладныя бары і кандытарскія. Прэзідэнт ідэю падтрымаў. У цэнтры горада павінны быць менавіта беларускія нацыянальныя брэнды.

Вядома, работнікі фабрыкі не адпусцілі Прэзідэнта без прысмакаў. У падарунак ад кандытараў "Камунаркі" шакаладная клюшка і карціна з назвай "Беларусь сінявокая". На гэты салодкі шэдэўр у дзвюх сясцёр Наталлі і Ірыны пайшлі два дні. Сакрэтаў сваёй творчасці яны не раскрываюць. Бо і такія ўнікальныя для краіны мастакі - гэта таксама козыр перад канкурэнтамі.