Прэзідэнт Беларусі наведаў 120-ю асобную механізаваную брыгаду

27 октября 2015

Прэзідэнт Беларусі сёння наведаў 120-ю асобную механізаваную брыгаду Узброеных Сіл рэспублікі. Гэтае злучэнне з'явілася ў выніку перафарміравання 120-й мотастралковай дывізіі, створанай падчас Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўніка дзяржавы сустракалі не толькі як галоўнакамандуючага, але і як аднапалчаніна. Тут Аляксандр Лукашэнка ў пачатку 80-х праходзіў афіцэрскую службу. Сёння Прэзідэнт азнаёміўся з бытавымі ўмовамі вайскоўцаў. Кіраўніку дзяржавы далажылі пра арганізацыйна-штатную структуру, дыслакацыю брыгады, а таксама распавялі аб правядзенні заняткаў па баявой падрыхтоўцы з выкарыстаннем сучасных трэнажораў. У высокай баяздольнасці падраздзялення Прэзідэнт упэўніўся на вайсковым стрэльбішчы.

З падрабязнасцямі Аляксей Адашкін.

Гісторыя 120-й асобнай механізаванай брыгады пачалася яшчэ ў сакавіку 1942. Тады гэта была мотастралковая дывізія, якая з 1945 года, гэта значыць роўна 70 гадоў, дыслацыруецца ў ваенным гарадку ў Мінску. Гэтае падраздзяленне ў Вялікую Айчынную вайну прайшло ад Сталінграда да берагоў Эльбы. На прыкладзе 120-й брыгады можна дэталёва ўбачыць, як за гады незалежнасці Беларусі разам з краінай змяняліся і мадэрнізаваліся і Узброеныя Сілы рэспублікі.

Склад гэтага злучэння прымаў удзел ва ўсіх буйных ваенных манеўрах, якія праводзіліся як у Беларусі, так і за мяжой, у саюзнай Расіі. З, як гавораць у арміі, крайніх вучэнняў можна ўспомніць "Захад-2013" і "Шчыт Саюза - 2011". Акрамя таго, падраздзяленне брыгады некалькі разоў удзельнічала ў трэніроўках НАТА "Кааператыў Бэст Эфарт". Дарэчы, менавіта на базе 120-й АМБР у свой час упершыню была сфарміраваная і міратворчая рота.

Мінчанін Аляксандр Бойка ўжо год служыць тут, ва Уруччы. Спачатку была навучальная часць, потым патрапіў у 120-ю брыгаду. Да арміі скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Зараз жа ён - камандзір баявой машыны. Майстэрства кіравання ваеннай тэхнікай удасканальвае на палігонах. Атрымліваецца пастраляць і на вучэннях, і на такім вось трэнажоры-сімулятары.

Аляксандр Бойка, камандзір баявой машыны другога аддзялення 3-й мотастралковай роты механізаванага батальёна н/ч 04147: "Гэты комплекс цалкам адпавядае баявой машыне пяхоты, з яго ўсе ўмовы, г.зн. і папраўкі робіш на вецер, на надвор'е, на тэмпературу, усё, як у рэальным жыцці, можна зрабіць і ў зімовых умовах, і ў туман, і ў снег, і ў дождж, усё будзе супадаць".

За дзеяннямі байцоў на віртуальным палігоне сочыць камандзір роты Яўген Карпач. Кожны экіпаж павінен праехаць спецыяльным маршрутам і патрапіць у вызначаныя цэлі.

Яўген Карпач, камандзір 3-й мотастралковай роты механізаванага батальёна н/ч 04147: "Чатыры маніторы, на кожным маніторы адпрацоўваецца свая інфармацыя, гэта манітор механіка-вадзіцеля, які паказвае ўсе яго паказанні машыны, як ён едзе, і плюс высвятляюцца ўсе даныя, што адбываецца з машынай. Гэты манітор паказвае нам прыцэл камандзіра, і левы манітор паказвае прыцэл наводчыка аператара. Адпаведна, я назіраю і бачу, якія памылкі яны дапушчаюць".

Усе трэнажоры - выключна беларускай вытворчасці. На іх можна ўдасканальваць навыкі кіравання баявымі машынамі пяхоты і танкамі. Электронныя сімулятары ёсць таксама ў артылерыстаў і стралкоў-зенітчыкаў. Такая мадэрнізацыя па-армейску дазваляе не толькі паляпшаць уменні асабовага складу, але і эканоміць рэсурсы. Спецыялісты падлічылі, што за пяць навучальных гадзін на рэальнай БМП асабовы склад навучальнага ўзвода паспявае выканаць практыкаванне стрэльбаў толькі па адным разе. На віртуальным палігоне - па тры-чатыры. Выкарыстанне падобных трэнажораў сёння стала адной з тэм, якія Прэзідэнт абмеркаваў з кіраўніцтвам Мінабароны і камандаваннем 120-й брыгады.

120-я мотастралковая дывізія ў 2002 годзе была перафарміраваная ў асобную механізаваную брыгаду. Каб адэкватна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы, Беларусі патрэбная мабільная армія з эфектыўным узбраеннем. Пра гэта не раз гаварыў Прэзідэнт. Свет не становіцца больш спакойным, таму трэба мець магчымасць для адказу на любвя пагрозы. Прычым, як прызнаюцца ваенныя эксперты, беларуская армія застаецца адной з самых баяздольных у рэгіёне Усходняй Еўропы і Азіі. І мадэрнізацыя працягваецца.

Прэзідэнт сёння наведваў 120-ю брыгаду не толькі ў якасці галоўнакамандуючага, але яшчэ і як аднапалчанін тых, хто сёння нясе тут службу. Аляксандр Лукашэнка з 1980 па 1982 год быў тут афіцэрам на пасадзе намесніка камандзіра 2-й мотастралковай роты па палітычнай частцы. Таму Прэзідэнт цікавіцца, што ж змянілася ў гэтым злучэнні за мінулыя гады.

Кіраўнік дзяржавы пабываў і ў пакоі баявой славы брыгады, дзе захоўваюцца артэфакты самых значных старонак у гісторыі злучэння. Сярод іх і святы для кожнага воіна сапраўдны баявы сцяг.

Тут жа і чорна-белая фатаграфія, на якой Аляксандр Лукашэнка з аднапалчанамі на адных з вучэнняў.

У пакоі баявой славы Прэзідэнт пакінуў запіс у памятнай кнізе. Беларуская армія не толькі мадэрнізуе свае ўзбраенні, але яшчэ і павышае бытавы камфорт вайскоўцаў. Так, сёлета гэтаму злучэнню было выдзелена 6 мільярдаў рублёў, якія дазволілі зрабіць рамонт у сталовай і медыцынскай часці. З настальгіяй Прэзідэнт сёння азнаёміўся з сучасным станам калісьці роднай яму 120-й брыгады. У тым ліку зазірнуў і ў казармы.

Харчаванню ў арміі заўсёды асаблівая ўвага. Прычым сёння меню для вайскоўцаў складаюць і гатуюць выключна прафесіяналы.

Байцы трэніруюцца ў чыстцы бульбы і прыгатаванні кашы выключна на вучэннях: усё-такі кухары на палявой кухні павінны быць спецыяльна навучанымі. А вось у звычайны час тут працуе ўсяго 14 чалавек цывільных, задача якіх - смачна і сытна накарміць больш за тысячу чалавек у форме.

Зайшоў сёння Прэзідэнт і ў размяшчэнне медыцынскай роты. Аляксандр Лукашэнка зазначыў адрозненні з тым лазарэтам, які быў тут у савецкі час. Сёння ў распараджэнні брыгады стацыянар на 30 ложкаў, працэдурны кабінет, перавязачная і стаматалагічны кабінет.

Акрамя таго, вайскоўцы атрымалі ў карыстанне і сучасную лабараторыю, якая дазваляе праводзіць поўны спектр патрэбных для ўрачоў даследаванняў.

У тым, што 120-я брыгада адна з самых баяздольных ва Узброеных сілах, Аляксандр Лукашэнка пераканаўся на вайсковым стрэльбішчы. Адна з навінак, якая паступіла на ўзбраенне да мотастралкоў, - супрацькумулятыўныя экраны на бранятэхніку. Аналіз баявых дзеянняў на Данбасе паказаў, што найбольшыя страты браніраваным машынам наносяць супрацьтанкавыя гранатамёты. Айчынны ВПК падключыў ваенную навуку, і тая "апранула" ў супрацькумулятыўныя камізэлькі знакамітыя Т-72, бэтээры і БМП.

Дзякуючы гэтай устаноўцы, дакладаюць галоўнакамандуючаму, сілы спецаперацыі стануць яшчэ больш мабільнымі. У войсках скрыжавалі "Урал" з зенітнай устаноўкай і атрымалі эфектыўны комплекс з радыусам абстрэлу 360 градусаў. Зенітка працуе з месца і ў руху, па наземных і паветраных цэлях. Гэты комплекс ужо прайшоў дзяржвыпрабаванні і прыняты на ўзбраенне.

Паказалі галоўнакамандуючаму і навінку для войскаў сувязі. Вайсковыя кулібіны змясцілі камбініраваную радыёстанцыю ў кітайскі "Волат". Спецджып сувязі ўжо выпрабавалі ў Пскоўскай вобласці на палігоне ВДВ. Сілы спецаперацый адобрылі машыну.

Паказалі Прэзідэнту на палігоне, як кіруюць войскамі ў палях, дзе мыюцца і ў што апранаюцца сучасныя мотастралкі. Жыва цікавіўся Аляксандр Лукашэнка экіпіроўкай і стралковай зброяй.

Мотастралкі і сёння не забываюцца пра пах пораху. У эпоху высокіх тэхналогій і адмовы многіх краін ад прынцыпаў вядзення класічнай вайны вынік ваеннай аперацыі шмат у чым залежыць ад узроўню і якасці падрыхтоўкі падраздзяленняў спецыяльнай і вайсковай разведкі. Не сакрэт, што якасна падрыхтаваная група здольная на многае, а наступствы "прагулкі" разведчыкаў па тылах саперніка можна параўнаць з прымяненнем высокадакладнай зброі.

Асабістую зброю вайсковага разведчыка паказалі тут жа. На пісталетным стале ўся гісторыя зброевай справы - ад маўзера да тульскага Токарава.

Як страляюць разведчыкі, паказалі на агнявым рубяжы. Гэты дзень хлопцы запомняць надоўга. Не кожны раз галоўнакамандуючы прымае нарматыў па стральбе.

Журналісты прэзідэнцкага пула ад стральбы адмовіліся, маўляў, рукі прывыклі да іншай зброі. Служба бяспекі Кіраўніка дзяржавы не прапусціла магчымасць лішні раз выйсці да агнявой мяжы.

Паказалі сёння галоўнакамандуючаму і навінку спецыяльнай зброі - прыцэл дзённа-начны беларускай вытворчасці. Прыбор, які забяспечвае кругласутачнае назіранне і прыцэльванне, у войсках прынялі на ўра.

Дакрануўся Кіраўнік дзяржавы да зброі перамогі - знакамітых ППШ і вінтоўкі Мосіна. Ветэраны займаюць асаблівае месца ў зброевым пакоі часткі. Гвардзейцы не адпусцілі галоўнакамандуючага з пустымі рукамі. На памяць калегу падарылі сувенір з шаўронам 120-ай асобнай механізаванай брыгады.