Прэзідэнт Беларусі абмеркаваў перспектывы супрацоўніцтва з губернатарам Калужскай вобласці

4 апреля 2014
Беларусь прапануе Калужскай вобласці супрацоўніцтва ў розных сферах. Пра гэта сёння ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам расійскага рэгіёну Анатолем Артамонавым. Беларусь і Калужскую вобласць звязваюць шматгадовыя партнёрскія адносіны, нягледзячы на тое што кіраўніцтва вобласці прыехала ў Мінск упершыню. Падчас абмеркавання сумесных праектаў зайшла размова і наконт развіцця адносінаў з Расійскай Федэрацыяй у цэлым - найважнейшым гандлёва-эканамічным і палітычным партнёрам нашай краіны. Вакол гэтай тэмы сёння вельмі шмат здагадак і інсінуацый. Але такая сітуацыя, на думку Кіраўніка дзяржавы, толькі ўмацуе сяброўства братэрскіх народаў.

Калужская вобласць - важны гандлёвы партнёр Беларусі. Летась узаемны тавараабарот склаў амаль 570 мільёнаў долараў. Гэта на траціну больш, чым у 2012-м. Беларусь пастаўляе ў Калужскую вобласць харчовыя тавары, мэблю, будматэрыялы, грузавую і сельгастэхніку. Таксама беларускія будаўнікі ўзводзяць у Калузе мікрараён Малінаўка. Абедзве краіны зацікаўленыя супрацоўнічаць у атамнай энергетыцы, космасе, медыцыне і інфармацыйных тэхналогіях - у гэтых галінах патэнцыял пакуль не выкарыстаны. Сёння дэлегацыя Калужскай вобласці наведае шэраг прамысловых прадпрыемстваў, а таксама правядзе перамовы ва ўрадзе.