Прэзідэнт Беларусі звярнуўся з Пасланнем народу і парламенту

21 апреля 2016

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем беларускаму народу і парламенту. Падзея, якая вызначае вектары развіцця краіны на найбліжэйшую будучыню. Асноўным і самым маштабным блокам у Пасланні, як і чакалася, стала эканоміка. І, як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, гэты год павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у гэтай сферы.

Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што 2016 будзе сур'ёзным іспытам для ўсіх структур улады. Галоўнае - уменне эфектыўна гаспадарыць. Што і як рабіць - вызначана ва ўказе № 78, адзначыў Прэзідэнт. Адным з важных фактараў росту ў найбліжэйшы час названа зніжэнне сабекошту прадукцыі не менш як на 25 %. Стаўку трэба рабіць на эфектыўныя метады кіравання, скарачэнне невытворчых выдаткаў і ліквідацыю шэрых схем.

Прэзідэнт адзначыў, што сёлета ў Беларусі трэба стварыць новую эканоміку. Падтрымліваць прыватную ініцыятыву, развіваць малы бізнес і ствараць новыя рабочыя месцы, не менш як 50 тысяч за год. Тут вялікі груз адказнасці кладзецца на плечы мясцовых улад. А ад заканадаўцаў Кіраўнік дзяржавы чакае эфектыўных законаў у галіне інвестыцыйнай палітыкі, якія б спрыялі прыцягненню прамых замежных інвестыцый. Дзякуючы ім можна ўдыхнуць новае жыццё ў праблемныя прадпрыемствы. Асаблівая ўвага - высокім тэхналогіям. Сёння сусветны трэнд - гэта інтэлект, навука, інавацыі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба змяняць падыходы ў аплаце працы маладых і больш вопытных спецыялістаў. Не павінна быць розніцы ў 5 разоў. Ацэньваць трэба па ўкладзеных працавыдатках. Тым больш што сёння і сярэдняй, і вышэйшай школе патрэбныя людзі з новымі ведамі. Як падкрэсліў Прэзідэнт, асновай дзяржпалітыкі быў і застаецца клопат пра чалавека і павышэнне якасці жыцця людзей. Выкананне залежыць ад зладжанай працы ўсіх галін улады. Пасля звароту Прэзідэнт па традыцыі адказаў на пытанні дэпутатаў і сенатараў. Парламентарыяў цікавілі наступствы ўступлення Беларусі ў СГА, жыццё на пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторыях, выключэнне закінутых і нявыкарыстаных зямель, а таксама пытанне аб магчымым павышэнні пенсій.

Адказваючы на пытанні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зарплата дзяржслужачага ў Беларусі можа павялічыцца пасля аптымізацыі апарата кіравання. Таксама Прэзідэнт не супраць стварэння грамадскай арганізацыі па абароне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.