Прэзідэнт Беларусі звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

19 апреля 2019

Галоўныя навіны сёння прыйшлі з Авальнай залы Дома ўрада.  Яны, літаральна, датычыліся  і кожнага з нас,   і жыцця краіны ў цэлым.  Прэзідэнт Беларусі звярнуўся са  штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.  Па сутнасці,  гэта выразнае кіраўніцтва да дзеяння.  Стратэгія развіцця краіны,  як мінімум на год.  Кожнае слова Аляксандра Лукашэнкі  ў зале бралі на карандаш дзяржаўныя кіраўнікі, топы найбуйнейшых прадпрыемстваў, ВНУ і банкаў, дыпламаты, журналісты, грамадскасць.  Нашага Прэзідэнта пачулі мільёны беларусаў у краіне і за мяжой. "Пасланне-2019"  трансліравалася ў тэлеэфіры, на радыё і ў Інтэрнэце. У Авальнай зале  сёння расстаўленыя прыярытэты для ключавых кірункаў нашага жыцця. 

Па-першае,   важнае, растыражыраванае ў СМІ, - прэзідэнцкія выбары пройдуць у 2020-ым - і падлашчвацца да народа ніхто не дасць.  Выбары парламенцкія... Прагучаў арыенцір па даце - 7 лістапада.  (Калі няма супярэчнасцяў у законе). 

Названыя тры  слупы ўпэўненага курсу Беларусі.  Дабрабыт народа, міралюбная знешняя палітыка, нацыянальная бяспека. 

Але пачаў наш Прэзідэнт  усё ж не з глабальных тэм.  А з канкрэтыкі.  З таго, што ёсць самае галоўнае.  Работа прадпрыемстваў, мадэрнізацыя нашых гігантаў, эканоміка простай беларускай сям'і, кашалёк кожнага з нас і цэны, мацярынства і выратаваныя дзіцячыя жыцці.  Беларусі і нам, беларусам,  (якія нарадзіліся суверэннымі і незалежнымі)  ёсць ад чаго высока трымаць галаву. Ёсць што адказаць  усім, хто паспрабуе нешта нам дыктаваць.  Мы прайшлі выпрабаванні вайной.  Разам адбудоўвалі Мінск і нашы светлыя, зялёныя гарады.  І мы - усе разам - усведамляючы сваё нацыянальнае адзінства,  павінны мір  і спакойнае жыццё захаваць, падарыць дзецям, унукам, пакаленням, якія прыйдуць пасля нас.  І будуць ганарыцца намі.  Мы зробім усё магчымае, каб дыхалася ў нашай роднай Беларусі лёгка, працавалася  проста, а адпачывалася - бяспечна. 

Таксама ў прыярытэтах - умацаваць эканоміку.  Якасна падняць узровень кіраўнікоў.  І нязменнае - пачуць кожнага!  "Пэўны чалавек, пэўная праблема - пэўнае рашэнне. Кожны дзень". Прэзідэнт падкрэсліў,   усе абяцанні, якія дадзены народу,   павінны быць выкананыя.  Галоўныя тэзісы, якія ўжо разышліся на цытаты,  - у рэпартажы Наталлі Брэвус.

Эканоміка і бяспека, міжнародныя і сацыяльныя пытанні! Толькі на важныя тэмы гаворыць Прэзідэнт з трыбуны ў Авальнай зале. Палітыка, якую праводзіць кіраўніцтва краіны,  зразумелая і празрыстая - курс на развіццё. Штогадовае пасланне - магчымасць расставіць акцэнты і адкарэктаваць прыярытэты. Вядома, што Аляксандр Лукашэнка дбайна, да апошняга працуе над прамовай, уносіць праўкі. Закранае актуальныя тэмы і заўсёды выказваецца на злобу дня. 

Гэтай традыцыі, замацаванай у Канстытуцыі, ужо чвэрць стагоддзя. У юбілейны для нашага Асноўнага закона год сустракаюцца ў звыклай, але абноўленай Авальнай зале. Тут пісалася гісторыя незалежнай краіны - менавіта ў гэтых сценах адбывалася змена эпох. Менавіта гэтая зала - эпіцэнтр падзей, якія кардынальна змянілі лёс беларускага народа. Пункт  адліку найноўшай гісторыі. І за гэты час было зроблена нямала.

Чвэрць стагоддзя беларускай канстытуцыі і інстытуту прэзідэнцтва - сур'ёзная падстава азірнуцца назад. Што атрымалася? Менавіта з такога аналізу пачынае Аляксандр Лукашэнка зварот да нацыі. 

Краіне, якая спазнала гора вайны і страт, патрэбныя толькі мірныя перамогі. Ва ўсіх сферах. Падмурак паспяховага развіцця - моцная эканоміка. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадвае пастаянна. Трымаемся на буйных вытворчасцях - будзем і надалей! За апошнія гады мадэрнізавана больш як паўтысячы прампрадпрыемстваў.

Галоўныя акцэнты эканамічнай часткі звароту гучалі проста: рэальны сектар павінен працаваць больш эфектыўна. Прычым усё на роўных умовах і без "бюджэтных мыліц". Пры гэтым трэба ўхіліць усе перашкоды, якія стрымліваюць эканамічны рост. Гэта думка, з якой урад і Нацбанк павінны засынаць і прачынацца.

Выступаючы з парламенцкай трыбуны, Кіраўнік дзяржавы засяродзіўся ў першую чаргу на ўнутраных пытаннях. Што сёння хвалюе людзей? Пачуць голас народа дапамаглі і апошнія дыскусіі, якія можна назваць падрыхтоўкай да цяперашняга паслання. Акумулятарам праблем і пажаданняў стала "Вялікая размова", куды сцякаліся пытанні ад жыхароў краіны. І тут усё проста - людзі жадаюць мець магчымасць зарабляць і жыць спакойна. Толькі за апошнія 2 гады падалі ўнікальныя магчымасці для развіцця ўсіх сфер - ад самазанятасці да IT. Стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў застаецца ў топе задач для вертыкалі. Гэта значыць: занятасць, зарплаты, цэны - гэтыя арыенціры ніхто не адмяняў. 

Пры гэтым урад не павінен забываць аб павышэнні пенсій - даручэнне падрыхтаваць праект неабходных рашэнняў у 2019-м і трымаць у зоне ўвагі даходы бюджэтнікаў.

Прэзідэнт не раз звяртаўся да вынікаў "Вялікай размовы". Гэта стала магчымасцю правесці глабальны маніторынг. Дарэчы, тры чвэрці зваротаў тады паступіла з рэгіёнаў. Сігнал улады: значыць, на месцах не дапрацоўваюць? Дарэчы, упершыню на штогадовае Пасланне было акрэдытавана так шмат прадстаўнікоў рэгіянальнай прэсы - тых, каго чытаюць і глядзяць на месцах. 

Не ў цэнтры, а менавіта ў абласцях пражывае вялікая частка людзей. Цікава, што тыя, хто дасылаў свае пытанні на "Вялікую размову", не столькі скардзіліся, колькі ўносілі прапановы аб тым, як лепш развіваць горад або вёску. Гэта значыць - хварэюць за свой край душой. Апорныя пункты - гарады (іх 11 па краіне) першачарговага рэгіянальнага развіцця ўжо вызначылі. 

Што было яшчэ сярод важных меседжаў для беларускай аўдыторыі. Талент, энергія, інтэлект сёння ў краіне запатрабаваныя! Ва ўсіх сферах - ад дзяржкіравання і спорту да мастацтва і вытворчасці. Што відавочна і па логіцы апошніх рашэнняў улады ў гэтым кірунку -  адно з апошніх - аб стварэнні дзіцячага тэхнапарка. Порцыя крытыкі дасталася грамадскім аб'яднанням за млявасць у прасоўванні таленавітай моладзі. Прэзідэнт так і сказаў: "Выштурхвайце такіх  наверх!".

Бударажаць грамадства навіны са сферы адукацыі. Яно і зразумела: датычыцца кожнай сям'і. Неабыякавы да гэтай тэмы і Прэзідэнт. Вельмі эмацыйна Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб прапанаваных ідэях Міністэрства адукацыі па бяспецы ў школах. 

Што датычыцца сацыяльнай палітыкі. Падтрымка шматдзетных застаецца ў прыярытэце. І па жыллёвых пытаннях, і па сямейным капітале. Гэта значыць - уся ўвага рэальным праблемам сям'і. 

Вельмі кампактным і стрыманым быў блок па знешняй палітыцы. Выстройваць яе няпроста. Міжнароднае становішча ўскладняецца. Таму тут ніякіх навацый - зразумелі лінію паводзін і імкнемся яе прытрымлівацца. Робім усё, каб не папасці на лязо блокавага супрацьстаяння паміж Усходам і Захадам. 

Прэзідэнт надаў увагу адносінам з нашым партнёрамі - Расіяй, Еўрасаюзам, ЗША, краінамі Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі, і, вядома, Кітаем, анансуючы перамовы ў Пекіне ўжо на наступным тыдні. Так, свет не становіцца больш спакойным - напружанасць паміж буйнымі сусветнымі гульцамі нарастае і ў палітыцы, і ў гандлі. Прыходзіцца быць напагатове ва ўсіх сэнсах. Узмацняецца і медыяціск, але прэзідэнт не прыхільнік забарон у інтэрнэце, а за тое, каб весці актыўную барацьбу за розумы ў глабальнай сетцы. Асобна прагучала аб карупцыі. Даручэнне Генпракуратуры падрыхтаваць комплекс мер па ўхіленні прычын і ўмоў, якія яе спараджаюць. Запыт на справядлівасць у грамадстве высокі. Апошнія выпадкі ў ахове здароўя выклікалі хвалю абмеркаванняў у грамадстве, і ў гэтай справе яшчэ рана ставіць кропку. Прэзідэнт катэгарычны. 

Гаворачы аб перспектывах развіцця краіны, не абышоў Кіраўнік дзяржавы бокам і тэму карэкціроўкі асноўнага закону. Праца па падрыхтоўцы прапаноў аб магчымых змяненнях ідзе. Аляксандр Лукашэнка жадае чуць грамадскасць.

Шмат гутарак было наконт правядзення маючых адбыцца выбарчых кампаній. Прэзідэнт расставіў усе кропкі над і. 

Цяперашняе Пасланне наўрад ці стала сенсацыяй для таго, хто сочыць за рашэннямі і дзеяннямі ўлады, гэта, хутчэй, канцэнтрацыя тых ідэй, якія сёння рэалізуюцца ў нашай краіне. Пытанні дэпутатаў Прэзідэнту датычыліся самых розных сфер - бізнесу, лёсу прамысловых гігантаў, мадэрнізацыі дарожнай інфраструктуры, жылля… 

Пасланне 2019-га - гэта стратэгія, арыенцір на найбліжэйшы год для органаў улады, кіраўнікоў і людзей. У гэтым выступленні чытаўся гонар за тое, што атрымалася зрабіць, настрой на развіццё і жаданне весці канструктыўны дыялог з усімі - і прыхільнікамі, і апанентамі. Невыпадкова ў фінале прэзідэнцкай прамовы прагучала думка аб адзінстве. Мір і адзінства - хіба гэта не тое, чым можна сёння ганарыцца? І атрымалася галоўнае - як незалежная дзяржава адбылася наша Беларусь.