Прэзідэнт Беларусі накіроўваецца з афіцыйным візітам у Азербайджан

28 ноября 2016

Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачынаецца з афіцыйнага візіту ў Азербайджан. Запланаваныя насычаныя перамовы і падпісанне пакета міжнародных дакументаў. З Баку з падрабязнасцямі наш карэспандэнт Наталля Брэус.

Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана падтрымліваюць тэмп супрацоўніцтва асабістымі сустрэчамі. Цікава, што, пачынаючы з 2006-га, раз на тры гады абменьваюцца візітамі. Аляксандр Лукашэнка бываў у Баку, гэта будзе ўжо пятая паездка Кіраўніка дзяржавы ў прыкаспійскую краіну.

Трэба сказаць, што такая сістэмнасць паўплывала на гандаль. За апошнія 10 гадоў тавараабарот вырас з 30 мільёнаў долараў да амаль 300. Праўда, папярэднія вынікі гэтага года пакуль не радуюць. На перамовах прэзідэнты як раз абмяркуюць эканоміку, супрацоўніцтва ў сферы АПК і інвестыцый, развіццё кааперацыі ў прамысловасці. Завод у Гянджы летась стаў найбуйнейшай зборачнай вытворчасцю беларускіх трактароў за межамі Еўразійскага эканамічнага саюза. Тут збіраюць і мазаўскую тэхніку. Менавіта Азербайджан можа адыграць істотную ролю ў папулярызацыі гэтай прадукцыі як на рынках Каўказскага рэгіёна, так і на Блізкім Усходзе. Цікавае і супрацоўніцтва ў хімічнай галіне. Беларусь за тое, каб азербайджанская нафта перапрацоўвалася на айчынных НПЗ. Напэўна закрануць прэзідэнты і спартыўную тэму. Цікавы нам будзе вопыт правядзення Еўрапейскіх гульняў, што адбыліся ў Баку мінулым летам. Эстафету прымае Мінск. Па выніках перамоў на вышэйшым узроўні плануецца падпісанне пакета міжнародных дакументаў.

Напярэдадні гэтага візіту вялікае інтэрв'ю беларускі Прэзідэнт даў азербайджанскаму інфармацыйнаму агенцтву "Трэнд", грунтоўна расказаўшы пра ўсе напрамкі супрацоўніцтва Мінска і Баку. Але ключавая думка Аляксандра Лукашэнкі ў адной простай фразе: дай Бог з кожнай дзяржавай мець такія адносіны. Лепш не скажаш.