Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца ў Казахстане з двухдзённым рабочым візітам

29 мая 2013

Інтэграцыя эканамічная, гандлёвая, прамысловая. Сёння ў Астане дзень вялікага cаміту, дзе размова пойдзе пра канкрэтныя крокі на шляху фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза. Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца ў Казахстане з двухдзённым рабочым візітам. І калі вечар аўторка быў напоўнены нефармальнымі сустрэчамі, то сёння ўжо афіцыйныя перамовы.


Падрабязнасці ў нашага аглядальніка Алесі Высоцкай. Мінск і Астану падзяляюць гадзінныя паясы, затое звязвае інтэграцыя. Сталіца Казахстана сустрэла беларусаў камфортным надвор'ем, схіляючы і да такога ж камфортнага дыялогу. А абмеркаваць сёння на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета кіраўнікам дзяржаў Мытнага саюза ёсць што. На разгляд прэзідэнтаў вынесена сем пытанняў, якія закранаюць асноўныя кірункі інтэграцыі. У прыватнасці, размова ідзе наконт стварэння інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю Мытнага саюза, правядзення ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі.
Усе гэтыя крокі павінны станоўча паўплываць на эканоміку краін мытнай тройкі. Напрыклад, з Казахстанам летась у Беларусі аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі перавысіў мільярд долараў. Пры гэтым беларускіх экспарт вырас без амаль на 20 працэнтаў. І мы выйшлі на станоўчае сальда амаль у 690 мільёнаў долараў. У актыўнай стадыі 13 буйных праектаў. Гэта, у тым ліку, зборачныя вытворчасці, а таксама сумеснае стварэнне індустрыяльна-тэхналагічнага парку сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі. Калі гаварыць пра Беларусь і Расію, то ў 2012-м нашы краіны ўпершыню выйшлі на тавараабарот у 43 мільярды долараў ЗША. Але прэзідэнты мытнай тройкі і беларускі лідар як актыўны ініцыятар выступаюць за больш цесную інтэграцыю на постсавецкай прасторы. І калі яшчэ год таму наконт фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза толькі заяўлялі, то зараз падышлі да моманту, калі неабходныя рэальныя крокі. Ёсць імкненне стварыць Еўразійскі эканамічны саюз ужо да 2015 года. Гаворка ідзе не толькі пра фарміраванне адзіных тарыфаў і тэхрэгламентаў, але і гарманізацыю працоўнага, міграцыйнага заканадаўстваў, стварэнне адзінай банкаўскай сістэмы і ўмацаванне знешніх межаў.
Сёння, як мяркуецца, бакі разгледзяць праект пагаднення аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Цікавасць да інтэграцыі праяўляюць ужо і іншыя краіны. Напрыклад, у інтэрв'ю нашаму тэлеканалу ўкраінскі прэм'ер заявіў, што статус назіральніка ў Мытным саюзе можа атрымаць Украіна. Так што не выключана, што сёння саміт будзе дапоўнены яшчэ шэрагам перамоў.