Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Украіне

21 июля 2017

Сёння ў Кіеве адбудзецца некалькі раўндаў двухбаковых перамоў. Запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Пятром Парашэнкам. У цэнтры ўвагі лідараў пытанні палітыкі, эканомікі, гуманітарнага супрацоўніцтва. Паказчыкі ўзаемнага тавараабароту за мінулы год у амаль 4 мільярды долараў відавочна не адлюстроўваюць патэнцыялу дзвюх краін. Мінск і Кіеў плануюць ужо хутка выйсці на дакрызісны ўзровень адносін. Гэтаму паспрыяе і сумесны бізнес-форум. З падрабязнасцямі з Кіева Вольга Макей.

Пра сустрэчу ў Кіеве прэзідэнты дзвюх краін дамовіліся 3 месяцы таму падчас перамоў у беларускіх Ляскавічах. І калі тады, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай станцыі, гаворка ішла ў асноўным аб развіцці пацярпелых тэрыторый, сёння цэнтральнай тэмай стане эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Для Украіны Беларусь - чацвёрты ў значнасці гандлёвы партнёр, Кіеў для Мінска - на другім месцы.

Пётр Парашэнка на пасадзе прэзідэнта з 2014. За тры гады лідары дзвюх дзяржаў сустракаліся не раз. Аляксандр Лукашэнка прыязджаў у Кіеў на інаўгурацыю ўкраінскага калегі, пасля бачыліся ў Мінску, калі збіралася нармандская чацвёрка. У красавіку сустракаліся на тэрыторыях дзвюх дзяржаў - ва ўкраінскім Чарнобылі і ў беларускіх Ляскавічах.

Але гэтым разам статус візіту беларускага лідара афіцыйны. У аэрапорце борт нумар 1 з Мінска сустракалі з нацыянальным украінскім каларытам.

Галоўная тэма сённяшніх перамоў - развіццё кааперацыі і ў цэлым эканамічных сувязяў. Нягледзячы на паніжэнне тавараабароту, за мінулы год гэта каля чатырох мільярдаў долараў супраць амаль васьмі 5 гадоў таму, 2017 дэманструе дадатную дынаміку.

Ігар Сокал, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Украіне: "Па пяці месяцах 2017 года таксама нядрэнныя вынікі: тавараабарот $1,7 млрд, экспарт Беларусі ва Украіну - $1,3 млрд. Калі браць у працэнтных адносінах, то рост ва ўсіх пазіцыях - тавараабарот, экспарт, імпарт".

Сёння дзве краіны злучаюць 13 сумесных вытворчасцяў, большая частка якіх на тэрыторыі Украіны. Разам збіраем ліфты, пасажырскія вагоны, сельгастэхніку. Па кіеўскіх вуліцах курсіруе беларускі транспарт. Са свежых кантрактаў - у сярэдзіне чэрвеня МАЗ выйграў тэндар на пастаўку ста аўтобусаў ва ўкраінскую сталіцу. Зрэшты, гэтую тэхніку дзесяцігоддзямі выбіраюць паўднёвыя суседзі, успамінае экс-мэр Кіева.

Ва Украіне актыўна мадэрнізуюць пасажырскі і камунальны парк, рамантуюць дарогі - у гэтых праектах Беларусь можа паўдзельнічаць. Эксперты ўпэўненыя, што Украіне трэба звярнуць увагу на беларускі вопыт партнёрства з Кітаем і стварэнне індустрыяльнага парку.

Усе варыянты супрацоўніцтва сёння абмяркуюць не толькі палітыкі, але і дзелавыя колы дзвюх краін. На беларуска-ўкраінскім бізнес-форуме рыхтуюць да падпісання кантракты на суму 40 мільёнаў долараў. Не выключана, што да вечара гэтая лічба павялічыцца.