Прэзідэнт: Беларусі і Украіне неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па чарнобыльскай праблематыцы

26 апреля 2017

Беларусі і Украіне неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па чарнобыльскай праблематыцы. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ва Украіне атамную станцыю, на якой у красавіку 1986 года адбылася тэхнагенная катастрофа.

У Чарнобылі Аляксандра Лукашэнку сустрэў асабіста Пётр Парашэнка. Разам кіраўнікі дзяржаў ушанавалі памяць загінуўшых ліквідатараў. Усклалі кветкі да "Сцяны памяці" мемарыяльнага комплексу "Героям Чарнобыля". Прэзідэнты таксама наведалі пляцоўку сховішча адпрацаванага ядзернага паліва і азнаёміліся з будаўніцтвам новага бяспечнага ахоўнага будынка над чацвёртым энергаблокам ЧАЭС. Гэты аб'ект з'яўляецца шматфункцыянальным комплексам для пераўтварэння разбуранай станцыі ў экалагічна бясшкодную сістэму. Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка звярнулі сёння асаблівую ўвагу на работы па падтрыманні на належным узроўні радыяцыйнай бяспекі, паколькі гэта закранае інтарэсы жыхароў абедзвюх краін.

Візіт у адказ Пятра Парашэнкі ў Беларусь адбыўся сёння ж. У гэтыя хвіліны праходзяць перамовы лідараў дзвюх краін у фармаце сам-насам у Ляскавічах. Кіраўнікі дзяржаў абмяркоўваюць двухбаковае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама палітычнае ўзаемадзеянне, міжнародны парадак дня і далейшыя намаганні па мірным урэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.