Прэзідэнт Беларусі і прэм'ер-міністр Грузіі дамовіліся павялічыць тавараабарот у 4 разы

22 марта 2016

Беларусь і Грузія ў найбліжэйшы час павінны зрабіць крок да тавараабароту ў 200 мільёнаў долараў. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі. Па аб'ектыўных прычынах пакуль лічба ў 4 разы меншая, чым было запланавана. Летась узаемны тавараабарот склаў каля 50 мільёнаў долараў. Аснова экспарту з Беларусі - прадукты харчавання, лекі і трактары. Сярод маштабных праектаў на гэты год - адкрыццё беларускага пасольства ў Грузіі. Акрамя таго, наша краіна павялічыць пастаўкі прадукцыі МТЗ і спецыяльна для грузінскіх аграрыяў створыць малагабарытны бульбяны камбайн. Яшчэ адзін крок на збліжэнне - сумеснае прадпрыемства па вытворчасці ліфтаў. Як падкрэсліў сёння Аляксандр Лукашэнка, Беларусь не адступіць ад курсу на развіццё адносін з Грузіяй.

Візіт дэлегацыі гэтай закаўказскай краіны - працяг рэалізацыі дамоўленасцяў, якіх дасягнулі ў красавіку мінулага года падчас першага ў гісторыі афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію. Тады Мінск і Тбілісі падпісалі 16 сумесных дакументаў і дамовіліся: двухбаковы тавараабарот павінен дасягнуць 200 мільёнаў долараў. Краіны вырашылі ствараць сумесныя вытворчасці і разам гандляваць на рынках Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў. Наблізіцца да запланаванай лічбы краіны маюць намер у найбліжэйшы час.

Ужо заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе беларуска-грузінскі бізнес-форум. Удзел у ім прыме сотня топ-менеджараў - гэта прадстаўнікі кампаній самых розных сфер: энергетыкі, транспарту, нафтахіміі, фармацэўтыкі і перапрацоўкі.