Прэзідэнт Беларусі і губернатар Наўгародскай вобласці абмеркавалі цэлы шэраг новых сумесных праектаў

17 октября 2019
Дыялог праз гісторыю і доўгія сяброўскія адносіны. Прэзідэнт Беларусі і губернатар Наўгародскай вобласці Расіі абмеркавалі сёння цэлы шэраг новых сумесных праектаў ад развіцця сельскай гаспадаркі да будаўніцтва жылых комплексаў і сацыяльных аб'ектаў. Мінск гатовы аказаць не проста партнёрскую, па-добраму братэрскую падтрымку зямлі, з якой звязвае гісторыя. Вялікі Ноўгарад - адзін з найстаражытнейшых славянскіх гарадоў, адкуль шмат у чым пайшлі і гандаль, і культура. Сёння  гэта цэнтр вобласці і важны пункт Паўночна-Заходняй акругі. Дарэчы, губернатар Андрэй Нікіцін упершыню прыехаў з візітам у Беларусь. Чыноўнік новага пакалення, яму няма і 40, адзначыў, наколькі цёпла яго сустрэў Мінск. У такіх добрых, камфортных умовах і справа ідзе хутчэй  у саюзны ўнісон. Пра што гаварылі ў Палацы Незалежнасці,  што звязвае народы,  распавядзе Аляксей Волкаў. Адносіны Беларусі і Расіі заўсёды развіваліся праз прызму супрацоўніцтва з рэгіёнамі. Мінск прымае губернатараў  на вышэйшым узроўні, гэта не проста палітычная традыцыя - асаблівы знак павагі. Партнёры, калегі, сябры - саюзніцкая аксіёма часам праходзіць праверку на трываласць гандлёвымі спрэчкамі. Зрэшты, аднамаментная турбулентнасць не разбурае падмурка, узведзенага за дзесяцігоддзі. Прасцей кажучы, Мінск да Масквы  спінай не павернецца.

А сутнасць адзіная:  Беларусь нарошчвае мускулы супрацоўніцтва як з Расіяй у цэлым, так і з яе рэгіёнамі  паасобна. Дарэчы, для губернатара Наўгародскай вобласці  гэта дэбютны візіт у Мінск. Ехаў да суседзяў з наказам ад сваякоў  паціснуць руку Прэзідэнту і за іх.

Калыска царства ўсерасійскага, Хольмгард, ён жа Ноўгарад, які ўказам Барыса Ельцына  стаў  Вялікім у 1999,  - горад гістарычнага значэння. Праслаўлены князем Рурыкам і знакамітым гандлёвым шляхам "з вараг у грэкі" гэты населены пункт - сэрца і памяць не толькі Паўночна-Заходняй федэральнай акругі, але і  Расіі. Таму ў Аляксандра Лукашэнкі як гісторыка  асаблівае стаўленне да Наўгародскай вобласці. 

Некранутыя мангола-татарскім ярмом, але пацярпелыя падчас Вялікай Айчыннай нашы краі падзяляюць не толькі гісторыю, а інтарэсы і тэхніку. Вёска Савіна Наўгародскага раёна. Там ужо не першы год выкарыстоўваюць агрэгаты з чырвона-зялёнай маркіроўкай. Тавараабарот сёння ў Мінска і Вялікага Ноўгарада  прыкладна 65 мільёнаў долараў. Добрая платформа, на якую неабходна нанізваць розныя сферы супрацоўніцтва.

СМІ і Telegram-каналы брэшуць, а праца ідзе. Прыкладна такую карціну можна назіраць у медыяасяроддзі апошнія месяцы. Пра геапалітычныя вектары Беларусі пісалі шматлікія замежныя калегі, замяняючы ўсюды "разам" на "замест". Прэзідэнту не  першы раз прыходзіцца выступаць разбуральнікам журналісцкіх міфаў. 

І нават пад градам фэйкавых навін  бакі разглядаюць гэты візіт у Мінск  як перазагрузку адносін з рэгіёнам. Прапанова Прэзідэнта - дапамагчы ў будаўніцтве жылых і сацыяльных аб'ектаў. Вопыт у нас, сумленнасць таксама,  праца  ў тэрмін. Добры прыклад - беларускі квартал у Калужскай вобласці.

"Санкцыі ЗША паўсталі паміж Мінскам і Масквой". Такое практыкаванне ў стылі расійскіх СМІ навеяна сітуацыяй вакол Ганны Багачовай. Нібыта затрыманая па просьбе амерыканскага боку яна нібыта была той самай "рукой Крамля", што паўплывала на выбары ў ЗША. Гісторыю са шматлікімі невядомымі і проста незразуметымі момантамі раскруцілі да сенсацыі ліпавай.

Псіхолагі даўно даказалі, што на негатыў людзі рэагуюць  з куды большай цікавасцю. Але спаталяць інфармацыйны голад можна хоць часам не толькі патакай, але і, напрыклад, чымсьці добрым і пазітыўным. Дарэчы, Наўгародская вобласць прыме ўдзел у святкаванні 500-годдзя Жыровіцкага манастыра - адальюць для яго тры званы.  Сафійскі полацкі і Сафійскі наўгародскі   - саборы-пабрацімы, як і Мінск з Вялікім Ноўгарадам, як і беларусы з расіянамі.