Прэзідэнт Беларусі даў інтэрв'ю агенцтву "Анадолу"

8 апреля 2019

Аб сітуацыі ў рэгіёне, ролі нашай краіны ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту, аб беларуска-турэцкім дыялогу і  ўзаемаадносінах з Эрдаганам распавёў наш Прэзідэнт у інтэрв'ю агенцтву "Анадолу". Гэта найбуйнейшае інфармагенцтва Турцыі. Размова напярэдадні будучага візіту беларускага лідара ў гэтую краіну атрымалася грунтоўнай. Быў закрануты шырокі спектр тэм: акрамя развіцця адносін па лініі Мінск - Анкара, журналіста цікавіў погляд Аляксандра Лукашэнкі на геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца зараз у свеце. Гарачыя пункты ўспыхваюць раз-пораз на кожным кантыненце, ідзе супрацьстаянне глабальных сусветных гульцоў. У такіх няпростых умовах Беларусі ўдаецца весці прадуманую і ўзважаную знешнюю палітыку. 

Падчас інтэрв'ю абмяркоўвалася пазіцыя Беларусі, што тычыцца сітуацыі ва Украіне. Прэзідэнт даў сваю ацэнку перамовам, якія доўжацца ўжо некалькі гадоў, і распавёў аб перспектывах далейшага ўдзелу нашай краіны ва ўрэгуляванні канфлікту. Не абышлі ўвагай і палітычныя баталіі, якія сёння разгортваюцца ў суседняй краіне. Яшчэ раней падчас вялікай размовы Аляксандр Лукашэнка выказваўся аб імаверным пераможцы ў электаральнай гонцы, маючы на ўвазе Пятра Парашэнку. Усіх вельмі цікавіць, ці прытрымліваецца Прэзідэнт Беларусі такога пункта погляду.

У самой жа Украіне распаўсюджана меркаванне, што галасаваць няма за каго. А тое, што выбаршчыкі аддаюць свае галасы за Зяленскага, многія эксперты расцэньваюць як пратэстнае галасаванне. Прадстаўніка найбуйнейшага турэцкага інфармагенцтва цікавіла бачанне беларускага Прэзідэнта на гэты конт. 

Інтэрв'ю з Прэзідэнтам Беларусі выйдзе ў найбліжэйшы час. Паводле слоў нашага калегі з найбуйнейшага агенцтва Турцыі, сёння адчуваецца дэфіцыт інфармацыі пра Беларусь. Таму так важна пачуць з першых вуснаў пазіцыю па шматлікіх пытаннях. Гэта дапаможа краінам зразумець адна адну і  развіваць супрацоўніцтва больш эфектыўна.