Прэзідэнт Беларусі даў вялікае інтэрв'ю вядомаму журналісту Міхаілу Гусману

6 сентября 2016

Формула ўлады ад Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт Беларусі сёння даў вялікае інтэрв'ю вядомаму журналісту і першаму намесніку генеральнага дырэктара расійскага інфармагенцтва ТАСС Міхаілу Гусману.

Героямі яго праграмы ўжо станавіліся кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў больш як 170 краін. Інтэрв'ю з беларускім лідарам выходзіла ў эфір у 2009 годзе. Гэтым разам гаварылі і пра тое, чаго атрымалася дасягнуць Беларусі і што яшчэ трэба зрабіць, пра ролю Мінска як пляцоўкі рашэння міжнародных пытанняў. Адной з цэнтральных тэм сталі беларуска-расійскія адносіны. За апошнюю чвэрць стагоддзя дзве краіны прайшлі сур'ёзны шлях, але нягледзячы на складанасці застаюцца блізкімі сябрамі.

Большая частка гутаркі датычылася і інтэграцыйнай тэматыкі. Гэтае інтэрв'ю Прэзідэнта Беларусі інфармагенцтва ТАСС запісвала і для тэлефільма, прысвечанага 25-годдзю СНД. Плануецца, што на наступным тыдні кіраўнікі дзяржаў Садружнасці збяруцца ў Бішкеку на юбілейны саміт гэтай міжнароднай арганізацыі. Чвэрцьвекавы юбілей - падстава падвесці вынікі. Сёння нярэдка можна пачуць выказванні пра тое, што СНД мае патрэбу ў рэфармаванні. Сваё меркаванне выказаў і Аляксандр Лукашэнка. Сёння інтэграцыйныя ўтварэнні постсавецкай прасторы адкрытыя для новых удзельнікаў.

Усяго беларускі лідар адказаў на паўтара дзясятка пытанняў. У тым ліку Аляксандр Лукашэнка нямала распавёў і пра асабістае. У прыватнасці, пра тое, якой бачыць будучыню сваіх сыноў, адкуль чэрпае сілы і нават прызнаўся, якая галоўная мара Прэзідэнта.

Падрабязнасці гутаркі ўжо сёння ўвечар у "Панараме". Поўная версія інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі выйдзе ў эфір на тэлеканале "Расія" ў кастрычніку. Тэкставая версія з'явіцца на стужках агенцтва ТАСС і на старонках "Российской газеты".