Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння зробіць рабочы візіт у Расію

25 декабря 2018

На перамовах у Маскве з Уладзімірам Пуціным будуць падведзены вынікі двухбаковага супрацоўніцтва, разгледжаны самыя актуальныя задачы ўзаемадзеяння на найбліжэйшую перспектыву. Асаблівую ўвагу кіраўнікі дзяржаў нададуць развіццю ўзаемавыгадных адносін у гандлёва-эканамічнай сферы з акцэнтам на рэалізацыі ранейшых дамоўленасцяў у інтэграцыйных фарматах.

Гэтыя тэмы напярэдадні абмяркоўваліся на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што частка рашэнняў так і не была выканана, а тэрміны па выхадзе на прымальныя для саюзнікаў развязкі па так званым падатковым манеўры, вызначаныя яшчэ ў красавіку мінулага года ў Санкт-Пецярбургу, фактычна сарваныя. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на аснове рашэнняў двух прэзідэнтаў схема кампенсацыі страт у нафтаперапрацоўцы павінна была быць зацверджана да канца гэтага года. Пры гэтым, нягледзячы на запэўненні саюзніка, перамовы на ўзроўні ўрадаў прыпыніліся, а Беларусь працягвае несці істотныя страты. На сёння яны ўжо перавышаюць 4,5 млрд долараў.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што нашы адносіны з Расіяй будуюцца на сістэмнай і планавай аснове. Зацверджаны прыярытэты Саюзнай дзяржавы на найбліжэйшыя 5 гадоў, і саюзнікі ўшчыльную наблізіліся да стварэння адзінага паліўна-энергетычнага рынку і ідуць да фарміравання агульнай прававой прасторы

.