Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў

29 декабря 2016

Намеснікам прэм'ер-міністра  прызначаны Васіль Жарко. Галоўнай зонай адказнасці новага віцэ-прэм'ера стане развіццё сацыяльнай сферы. Сярод першачарговых задач, якія паставіў Прэзідэнт,   - удасканаленне адукацыі, аддача ад спартыўнай сферы і павышэнне зарплат.  Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сярод 7 кандыдатур  выбраў на гэтую пасаду менавіта Васіля Жарко па шматлікіх прычынах. Гэта і сур'ёзныя поспехі ў галіны, вялізны вопыт, і, вядома, паспяховае вырашэнне вялікіх задач. І сёння  новага кіраўніка набыў Дзяржпагранкамітэт. Ім стаў генерал-маёр Анатоль Лапо.  Падчас прызначэння Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на аптымізацыю ведамства. Падрабязнасці кадравых рашэнняў Прэзідэнта - у Вольгі Макей.

Для  снежня  гэта ўжо трэці блок прызначэнняў. У сярэдзіне месяца сур'ёзна абнавілі кіраўнікоў найважнейшай, сацыяльнай, сферы:  новы кіраўнік Мінадукацыі -  Ігар Карпенка, а Міністрам працы і сацабароны стаў Валерый Малашка.

Навіны аб ключавых кадравых рашэннях гучалі і на мінулым тыдні. Адміністрацыю Прэзідэнта ўзначаліла Наталля Качанава, а важнае і адказнае месца віцэ-прэм'ера па сацыяльных пытаннях аказалася вакантным. Але ненадоўга.

Намеснікам прэм'ер-міністра стаў Васіль Жарко. Гэты год у вопытнага кіраўніка  юбілейны. Уласнае 60-годдзе адсвяткаваў у маі,  з іх 10 гадоў - на чале беларускай сістэмы аховы здароўя. Дарэчы, Жарко ў Саўміне рэкардсмен. На гэтай пасадзе ён быў даўжэй за ўсіх цяперашніх калег-міністраў - з 2006 года. Такі вопыт - важкі аргумент на карысць сушукальніка. Прэзідэнт не раз прызнаваўся, кадравыя рашэнні заўсёды прымае пасля дэталёвага вывучэння ўсіх магчымых кандыдатур. На гэту пасаду іх было не мала.

Кар'еру медыка Васіль Жарко пачынае як студэнт медуніверсітэта. Пазней працуе педыятрам у Брэсцкай абласной бальніцы, а затым і намеснікам галоўнага ўрача. Бліжэй да сталіцы ён перабіраецца ў пачатку 2000. Кіруе санаторыем "Крыніца", узначальвае прафсаюзныя здраўніцы, і Чырвоны Крыж. Зараз яго задачы значна шырэйшыя. Бо сацыяльная сфера ўключае не толькі ахову здароўя, яшчэ і адукацыю, спорт. Па ўсіх гэтых кірунках трэба вырашыць шмат задач. Зрэшты, працаваць новы віцэ-прэм'ер будзе ў звязцы з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб даручэнні па дасягненні ў 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты ў краіне   -  $500. "А гэта ваша Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, -   адзначыў ён. - Зарплата ў людзей у сувязі з гэтымі эканамічнымі перыпетыямі невысокая. Яе трэба паднімаць, чаго б нам ні каштавала". Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Васіль Жарко зможа згуртаваць і арганізаваць людзей на вырашэнне гэтых і іншых задач у развіцці сацыяльнай сферы. "І мая вам парада: ні ў якім разе вы не павінны быць добрым дзядзькам для кагосьці", - дадаў беларускі лідар.

За 10 гадоў, пакуль Жарко кіраваў Міністэрствам аховы здароўя, гэтая важная сфера жыцця Беларусі і беларусаў зрабіла шырокі і ўпэўнены крок наперад.  Гэта адзначаюць ва ўсім свеце, паднімаючы нашу краіну ўсё вышэй у рэйтынгах. Беларусь адзін з лідараў на планеце па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг. На 4-м радку   - па паказчыку дзіцячай і матчынай смяротнасці. Дарэчы, па вядзенні цяжарнасці наша краіна нароўні з Францыяй, Фінляндыяй і Люксембургам уваходзіць у топ-50 краін свету. У рэйтынгу эфектыўнасці аховы здароўя Беларусь абышла ЗША і Расію. За апошнія гады нямала зроблена па абсталяванні і мадэрнізацыі клінік, па падрыхтоўцы кадраў.

Эфект - тысячы выратаваных жыццяў і ўнікальныя аперацыі, якія зараз даступныя на радзіме. І не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах.

Медыкі незалежна ад свят - заўсёды на пасту, як і пагранічнікі. У гэтага ведамства зараз таксама новы кіраўнік. Да 27 снежня Дзяржпагранкамітэт узначальваў Леанід Мальцаў, але генерал-палкоўнік пайшоў у адстаўку па ўзросце. Зараз на чале ведамства стане  Анатоль Лапо. Наперадзе вялікія святы, а гэты перыяд для пагранічнікаў асабліва напружаны. На будучыню, ставіць задачу Прэзідэнт, трэба будзе працаваць над аптымізацыяй ведамства.

"Вы ўзброеныя людзі, вы павінны абараняць яе як след. Вы павінны абараніць на апошнім метры нашай зямлі Айчыну. Вось ваша галоўная задача, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І адпаведна падбірайце для гэтага пагранічнікаў. Не забывайце: нягледзячы на тое, што вы пагранічнікі, вы частка Узброеных сіл. Вы павінны быць больш падрыхтаваныя, чым армія, як спецназаўцы".

Граніцы Анатоль Лапо прысвяціў усё жыццё. На плячах зоркі генерал-маёра, за плячамі  паспяховая ваенная кар'ера. Дзве вышэйшыя адукацыі ён атрымаў у Расіі. Служыў у пагранічнай акрузе ў Закаўказзі, дзе прайшоў шлях ад радавога да начальніка штаба пагранкамендатуры.

На радзіму ён вяртаецца ў пачатку 90-х, служыць у Смаргонскім пагранатрадзе, пазней  узначальвае яго. Апошнія два гады Анатоль Лапо займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта.

Прымаць кадравыя рашэнні менавіта перад Новым годам  ужо традыцыя.  І святы  не падстава расслабляцца для ўсёй вертыкалі ўлады. Бо задач трэба будзе вырашыць нямала  ў самых розных сферах і пачынаць працу трэба ўжо зараз.