Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні павіншаваў замежных лідараў з Новым годам

31 декабря 2018

Адна з першых тэлеграм была накіраваная ў адрас расійскага калегі Уладзіміра Пуціна.

"У надыходзячым годзе мы адзначаем знамянальную дату - 20-годдзе са дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя прайшлі няпросты шлях, але сёння з упэўненасцю можна гаварыць аб тым, што саюз двух народаў адбыўся. Воля беларусаў і расіян да яднання, як і раней, будзе служыць трывалай падставай для інтэграцыйнага будаўніцтва, шматпланавага супрацоўніцтва і фарміравання агульнай найноўшай гісторыі", - гаворыцца ў віншаванні.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін у навагоднім віншаванні беларускаму лідару адзначыў плённае супрацоўніцтва паміж краінамі ў самых розных сферах. А таксама, што стратэгічнае партнёрства паміж Расіяй і Беларуссю ў поўнай меры адказвае інтарэсам нашых братэрскіх народаў. 

Таксама віншаванні ад імя Аляксандра Лукашэнкі накіраваныя лідарам краін-партнёраў па інтэграцыйных аб'яднаннях і іншых дзяржаў, кіраўнікам міжнародных і рэгіянальных арганізацый, бачным палітычным, грамадскім і рэлігійным дзеячам, а таксама прадстаўнікам навукі, культуры і дзелавых колаў краін блізкага і далёкага замежжа. У прыватнасці, цёплыя словы і пажаданні з афіцыйнага Мінска накіраваныя ў Азербайджан, Малдову, Таджыкістан, Узбекістан і Кыргызстан. Асобна Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокую дынаміку беларуска-сірыйскіх адносін, узаемную нацэленасць дзяржаў на ўмацаванне традыцыйна дружалюбных сувязяў.

"Шчыра перакананы, што ў наступным годзе на ўсёй сірыйскай зямлі запануюць мір і спакой, а сірыйскія дзеці ніколі не будуць ведаць вайны", - гаворыцца ў віншаванні прэзідэнту Сірыі Башару Асаду.

Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў з навагоднімі святамі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, лідара Арменіі Армена Саркісяна і прэм'ер-міністра гэтай краіны Нікола Пашыняна, прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава, федэральнага прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Белена і федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца, кіраўніка Польшчы Анджэя Дуду, лідара Сербіі Аляксандра Вучыча, лідара Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера і федэральнага канцлера Германіі Ангелу Меркель, а таксама прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуру, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, першага сакратара ЦК Кампартыі Кубы Рауля Кастра Руса, а таксама старшыню Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў гэтай краіны Мігеля Дыяс-Канеля Бермудэса.

У адрас Прэзідэнта Беларусі таксама паступаюць шматлікія навагоднія віншаванні ад замежных лідараў, кіраўніцтва міжнародных арганізацый, дзяржаўных, рэлігійных і грамадскіх дзеячаў. Ужо паступілі віншаванні ад кіраўнікоў краін СНД, старшыні КНР, федэральнага прэзідэнта і федэральнага канцлера Германіі, прэзідэнтаў Польшчы, Венгрыі, Рэспублікі Карэя, ААЭ, Егіпта, Ірана, прэм'ер-міністра Японіі, генеральных сакратароў ААН і НАТА, а таксама ад кіраўнікоў шэрагу іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый.