Прэзідэнт: Беларусь заўсёды будзе прыкладаць максімум намаганняў для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне

1 апреля 2019
Беларусь заўсёды будзе прыкладаць максімум намаганняў для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне - запэўніў Прэзідэнт Марціна Сайдзіка. 

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спецпрадстаўніком дзеючага старшыні АБСЕ ва Украіне і ў Трохбаковай кантактнай групе прайшла сёння ў Палацы Незалежнасці.  Наша краіна была і застаецца прыхільная міру ў рэгіёне. Супрацьстаянне ў Данбасе беларусы прынялі блізка да сэрца, мы гатовыя дапамагаць далей, бо беларусы і ўкраінцы не чужыя людзі.  Афіцыйны Мінск сёння ўжо не проста перагаворная пляцоўка, а паўнапраўны ініцыятар мірных працэсаў. Беларусь у свой час прыняла ўзважаную пазіцыю па канфлікце ва Украіне і ўсяляк спрыяе нармалізацыі становішча ў рэгіёне. Гэта ўжо ацанілі ва ўсім свеце. 

Марцін Сайдзік выказаў шкадаванне, што ўкраінскі канфлікт зацягнуўся, і падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за тую падтрымку, якую Аляксандр Лукашэнка аказвае для нармалізацыі становішча ў рэгіёне. У размове з журналістамі па выніках сустрэчы спецпрадстаўнік АБСЕ адзначыў, што з Прэзідэнтам у тым ліку абмеркавалі ідэі, якія былі высунутыя напрыканцы мінулага года з нагоды сумеснай місіі ААН і АБСЕ. 

Паводле слоў спецпрадстаўніка дзеючага старшыні АБСЕ, мінская пляцоўка - гэта менавіта тое, што трэба, каб весці мірныя перамовы ўдзельнікам канфлікту. Нагадаем, у беларускай сталіцы ў 2015 годзе прайшлі гістарычныя перамовы "нармандскай чацвёркі",  рэгулярна праходзяць сустрэчы кантактнай групы.  Эксперты сыходзяцца ў меркаванні,  што пакуль альтэрнатывы мінскім пагадненням няма.