Прэзідэнт: Беларусь зможа пераадолець усе складанасці, і гэты год стане пераломным

16 апреля 2017

Хрыстова Уваскрэсенне. Час малітваў, разважання і абнаўлення.

Беларусь зможа пераадолець усе складанасці, і гэты год стане пераломным. Пра гэта Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, калі наведваў на свята Вялікадня храм Праабражэння Гасподняга ў Барані.

У гэтыя светлыя дні Кіраўнік дзяржавы па традыцыі бывае ў рэгіёнах і свята Вялікадня сустракае ў невялікіх цэрквах. Сёння Аляксандр Лукашэнка прыехаў на сваю малую радзіму. Кіраўнік дзяржавы нарадзіўся недалёка ад Барані, у гарадскім пасёлку Копысь.

Тут заўсёды быў духоўны стрыжань. У пачатку XVIII стагоддзя ў Барані пабудавалі Спаса-Праабражэнскую драўляную царкву, упрыгожаную тонкім ручным разьбярствам. Храм, які бачыў і Напалеона, і гітлераўскі захоп, ацалеў. Яго ў першародным выглядзе беражліва перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Чвэрць стагоддзя таму каля ранейшага архаічнага храма ўзвялі новы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са святочным убраннем царквы і пад святочныя спевы разам з сынам Мікалаем запаліў свечку.

Па хрысціянскай традыцыі Аляксандр Лукашэнка і архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый абмяняліся падарункамі. Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму ікону "Ісус Хрыстос Уседзяржыцель". Архепіскап паднёс Прэзідэнту ікону Аляксандра Неўскага. Дарэчы, сям'я настаяцеля храма іерэя Вадзіма Котава шматдзетная. У іх пяцёра дочак. Яго жонцы Вользе Котавай 7 сакавіка Прэзідэнт уручаў ордэн Маці. Яна самая маладая шматдзетная маці ў рэгіёне.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў землякоў, якія сабраліся ля царквы, і паабяцаў Аршанскаму раёну дадатковае развіццё. Гэтым зоймецца ўрад, які правядзе тут выязное пасяджэнне.