Прэзідэнт: Беларусь павінна быць цікавай, асаблівай, чымсьці вызначацца ў сучасным свеце

24 апреля 2018

Прэзідэнт сёння звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і парламента.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна пазначыў прыярытэты Беларусі на найбліжэйшы час і расставіў акцэнты на праблемах, якія ўжо сёння патрабуюць вырашэння. Так, беларускі лідар адзначыў рост экспарту, нізкую інфляцыю, магчымасці для вядзення бізнесу і пабудовы IT-краіны. Блокі выступлення датычыліся сацыяльнай палітыкі, нацыянальнай бяспекі. Прэзідэнт асабліва адзначыў бяспеку ў адзінстве народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы. Толькі тады можна разлічваць на вынік. Прыемна, што сёння краіне ўдалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў.

Галоўная мэта, падкрэсліў Прэзідэнт, застаецца нязменнай - пабудова дзяржавы для народа. Пры гэтым эканамічны арыенцір - ВУП не менш як сто мільярдаў долараў ужо да канца наступнай пяцігодкі. А камфортныя ўмовы для бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам.

Кіраўнік дзяржавы жорстка выказаўся аб карупцыі. У краіне створаныя дзейсныя механізмы барацьбы з гэтымі злачынствамі, якія пагібельным чынам уплываюць на эканоміку. На думку Аляксандра Лукашэнкі, хабарніцтва здольна падарваць аснову любой дзяржавы. Менавіта яно стварае глебу для росту ценявой эканомікі і падрывае давер людзей да дзяржавы.

Выступленне прадоўжылася амаль паўтары гадзіны, стаўшы самым лаканічным у гісторыі. І не дзіўна, бо асноўныя пытанні развіцця нашай краіны на пастаянным кантролі. Актуальныя моманты ў самых розных сферах дзейнасці не раз абмяркоўваліся на сустрэчах, нарадах і падчас афіцыйных і рабочых паездак Кіраўніка дзяржавы. Сёння ж у дэпутатаў была магчымасць задаць пытанні Прэзідэнту ад імя сваіх выбаршчыкаў. Паднятыя тэмы арэнднага жылля, вылучэння зямельных участкаў, якасці дарог, адукацыі, у тым ліку і на беларускай мове.