Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем - на святочным набажэнстве

7 января 2017

Праваслаўныя сёння адзначаюць адно з найважнейшых хрысціянскіх свят - Нараджэнне Хрыстовае.

Па традыцыі радасць гэтага светлага дня  разам з вернікамі падзяліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем прысутнічаў на набажэнстве ў Свята-Духавым кафедральным саборы. З вялікім святам  гасцей павіншавалі выхаванцы нядзельнай школы. Прэзідэнт уручыў дзецям  калядныя падарункі. А пасля Аляксандр і Мікалай Лукашэнка разам з Мітрапалітам Паўлам запалілі калядную свечку ля цудатворнага абраза Мінскай Божай Маці - сімвал усеагульнай малітвы за Беларусь.

Раство - свята міласэрнасці, любові і надзей. Заканамерна, у гэты светлы дзень  хочацца гаварыць пра добрае - узаемаразуменне і дабрабыт. У цёплай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з вернікамі. Прэзідэнт гаварыў пра галоўнае... Шчыра пра міжканфесійны мір,  узаемадзеянне царквы і дзяржавы, будучыню Беларусі.

З нагоды свята Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Павел абмяняліся падарункамі. У дар Кіраўніку дзяржавы Мітрапаліт паднёс выяву Іверскай іконы Божага маці і абраз Анёла-захавальніка, напісаныя і асвячоныя на святой гары Афон. Аляксандр Лукашэнка перадаў Беларускай праваслаўнай царкве ікону Божай Маці "Замілаванне", выкананую ў старажытнай тэхніцы. Малюнак - выява Багародзіцы - выкладзены сусальным золатам.