Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Сочы

10 октября 2017

Заўтра беларускі лідар возьме ўдзел у пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

На самітах Аляксандр Лукашэнка азнаёміць з падыходамі Беларусі да развіцця СНД і Еўразійскага эканамічнага саюза. У цэнтры ўвагі - пашырэнне ўзаемадзеяння на прасторы Садружнасці, удасканаленне дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі СНД і яе адаптацыя да сучасных рэалій. На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета лідары разгледзяць 16 пытанняў: ад рэалізацыі лічбавага парадку дня і асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці да правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе.

А сёння ў Сочы прайшло пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін СНД. Бакі ўзгаднілі пакет дакументаў да заўтрашніх самітаў лідараў. Гэта канцэпцыі супрацоўніцтва ў процідзеянні карупцыі, абмен інфармацыяй у сферы барацьбы з тэрарызмам і іншымі праявамі экстрэмізму, а таксама іх фінансаваннем.

Кіраўнікі МЗС СНД таксама адобрылі праекты заявы лідараў краін Садружнасці аб падтрымцы інстытута сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.