Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў 6 ключавых задач для АДКБ

15 июня 2017

Пачнём з пытанняў сусветнага характару, якія ўжо выйшлі за рамкі дзяржаўных меж, і не вырашаюцца краінамі ў адзіночку, а толькі разам. Глабальная бяспека і яе захаванне. Нестабільная сітуацыя ў свеце выклікае вострую неабходнасць дзейнічаць на апярэджанне, аб'ядноўваць намаганні і прымаць стратэгічныя рашэнні. Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў 6 ключавых задач для АДКБ. Грунтоўны дыялог на тэму ўмацавання бяспекі пачаўся яшчэ ў пачатку тыдня з міністрамі абароны Арганізацыі. Сёння на сустрэчу да Прэзідэнта былі запрошаны сакратары Савета бяспекі. Такім чынам, у якасці найважнейшых задач Прэзідэнт вызначыў: каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці краін АДКБ; узаемадзеянне з вядучымі ўніверсальнымі і рэгіянальнымі міжнароднымі структурамі; комплекснае ўмацаванне ваеннага, ваенна-тэхнічнага, антыкрызіснага і міратворчага патэнцыялаў АДКБ. На што яшчэ зробяць стаўку ў Арганізацыі? Падрабязна Аляксей Адашкін.

Распаўсюджванне ачагоў міжнароднага тэрарызму, пашырэнне каналаў паставак наркотыкаў, з'яўленне новых пагроз у кіберпрасторы. На гэтым фоне яшчэ і распад традыцыйных механізмаў падтрымання стабільнасці на планеце. Адносіны паміж сусветнымі цэнтрамі сілы перабудоўваюцца. Становіцца больш жорсткай узаемная канкурэнцыя. Супрацьстаянне пераносіцца нават у космас. У такім няпростым становішчы праходзіць старшынства Беларусі ў АДКБ.

Падтрыманне міру і бяспекі з дапамогай палітыкі і дыпламатыі - менавіта такая галоўная мэта прапісана ў статуце АДКБ. І гэта цалкам адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам. Мінск ужо мае рэпутацыю эфектыўнай перагаворнай пляцоўкі. Разам з тым наша армія трымае порах сухім. Але самым дзейсным інструментам для вырашэння любых спрэчак і канфліктаў Беларусь лічыць менавіта сілу слова.

Гэты тыдзень у нашай краіне праходзіць пад знакам бяспекі. Афіцыйны Мінск надае асаблівае значэнне павышэнню эфектыўнасці АДКБ.

У аўторак Прэзідэнт пагутарыў з кіраўнікамі ваенных ведамстваў аб'яднання. Міністры абароны, што называецца, з першых вуснаў пачулі прыярытэты нашай краіны ў перыяд старшынства ў гэтай Арганізацыі.

Сёння беларускі лідар прыняў сакратароў саветаў бяспекі краін альянсу. Сустрэча прайшла ў зялёнай зале Палаца Незалежнасці, што стала ўжо гістарычнай.

Менавіта тут у лютым 2015 праходзілі лёсавызначальныя перамовы "нармандскай чацвёркі". Як раз тады пачаўся зваротны адлік ваеннага часу на паўднёвым усходзе Украіны. Мінскія дамоўленасці выконваць не спяшаюцца. Хтосьці прапануе і зусім пашукаць новы фармат. Але гэта можа толькі падоўжыць і без таго доўгі шлях да міру ў суседняй краіне.

Сёння ў АДКБ уваходзяць шэсць дзяржаў - гэта Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Геаграфічны ахоп - значная частка Еўразіі. Удзельнікі блока прадстаўляюць адразу тры рэгіёны - Еўропу, Каўказ і Цэнтральную Азію.

І ў кожным з іх свае складанасці ў гарантаванні бяспекі. Ёсць і канфлікты, што тлеюць. А вырашыць уласныя праблемы пад сілу і без пасрэднікаў з боку. Галоўнае, каб на гэта была палітычная воля.

АДКБ дзейнічае з 2002 года на аснове Дагавора, падпісанага яшчэ ў 1992. Гэта значыць, цяперашні год для Арганізацыі - удвая юбілейны. Эксперты заяўляюць, што аб'яднанню патрэбна аптымізацыя, сілавое ўмацаванне і настройка механізмаў крызіснага рэагавання. У тым ліку неабходныя больш рашучыя дзеянні па размарозцы тых канфліктаў, якія існуюць даўжэй за АДКБ. Менавіта да гэтага заклікае афіцыйны Мінск.

Беларусь у год старшынства прапаноўвае вырашыць шэсць найважнейшых задач. Сярод іх - каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці, супрацоўніцтва з вядучымі міжнароднымі структурамі, умацаванне ваенна-тэхнічнага патэнцыялу. У ліку прыярытэтаў таксама процідзеянне тэрарызму і барацьба з наркатрафікам, паляпшэнне міграцыйнага становішча і ўдасканаленне юрыдычнай асновы альянсу. Гэта ўсё - неабходны мінімум, які дапаможа ўзмацніць АДКБ

АДКБ мае патэнцыял для таго, каб іграць важкую ролю ў будучай абноўленай архітэктуры бяспекі Еўразіі. Але для гэтага ўдзельнікі Арганізацыі павінны прымаць стратэгічныя рашэнні, заснаваныя на адзінстве і саюзніцкай згуртаванасці. На глабальныя выклікі патрэбны калектыўны адказ.

АДКБ павінна мець сілу, выяўленую не толькі ў дакументах, але і ў рэальным ваенным патэнцыяле. Пра гэта неаднаразова заяўляла Беларусь. Светалад сёння склаўся такім чынам, што захоўваць абароназдольнасць і падтрымліваць добрую форму як ніколі важна. Ды і ўрокі мінулага наша краіна засвоіла. Беларусь і Расія рэгулярна праводзяць маштабныя вучэнні. Манеўры "Захад-2017" крытычна ўспрымаюць на Захадзе. Хоць самі краіны НАТА занадта часта дэманструюць сваю зброю і размяшчаюць свае базы ля нашых меж.

Ужо ўвосень савбясы АДКБ пададуць лідарам планы па змяненні прынцыпаў ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Пра гэта дамовіліся сёння на пасяджэнні камітэта сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі. На сустрэчы разгледзелі больш як дзясятак найважнейшых пытанняў. У прыватнасці, перспектывы ўдасканалення сістэмы ўпраўлення сіл спецназу, вылучаных у склад КСАР АДКБ.

Краіны АДКБ рыхтуюцца актывізаваць працу па гарантаванні інфармацыйнай бяспекі. З 2009 года пад сцягам Арганізацыі праходзіць аперацыя "ПРОКСІ". У віртуальнай прасторы вядзецца барацьба з рэальнымі злачынцамі. Толькі летась такім чынам было выяўлена больш за 11 000 інтэрнэт-рэсурсаў, якія нясуць патэнцыяльную пагрозу.

Сёння ж сакратары савбясаў краін АДКБ усклалі вянкі і кветкі да манумента Перамогі ў цэнтры Мінска. Такім чынам была падкрэсленая важнасць захавання гістарычнай памяці. Засноўваючыся на агульным мінулым, краіны Арганізацыі робяць усё магчымае, каб мірнай была і калектыўная будучыня.