Беларускі лідар больш за гадзіну гутарыў з журналістам, кіраўніком найбуйнейшага медыяхолдынга СНД Радзікам Батыршыным. Цэнтральнай тэмай шчырай гутаркі стала інтэграцыя на постсавецкай прасторы. Прэзідэнт грунтоўна распавёў пра стан і перспектывы беларуска-расійскіх адносін. У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і правядзення сумеснага вучэння "Захад-2017". Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў нядаўнія перамовы з Уладзімірам Пуціным, а таксама выбух у метро Санкт-Пецярбурга. Барацьба з тэрарызмам і гарантаванне бяспекі ў рэгіёне сталі асобнымі тэмамі інтэрв'ю.
У інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Мір" Кіраўнік дзяржавы адказаў больш як на дзясятак пытанняў. Так, Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў ліст, які яму накіравалі чатыры амерыканскія кангрэсмены. Заакіянскія палітыкі занепакоены акцыямі пратэсту, што прайшлі ў нашай краіне, і маючымі адбыцца беларуска-расійскімі вучэннямі.
Журналіст Радзік Батыршын узначальвае тэлерадыёкампанію "Мір" з 2007 года. Да гэтага працаваў на шматлікіх расійскіх федэральных каналах. Пяць гадоў таму ён ужо запісваў інтэрв'ю з беларускім лідарам. За гэты час спіс тэм для гутаркі абнавіўся, на першы план выйшла пытанне падтрымання міру і парадку.
Тэлерадыёкампанія "Мір" практычна аднагодка Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Сёлета яна адзначае чвэрцьвекавы юбілей. Ахоп вяшчання - амаль усе краіны СНД, а таксама Прыбалтыка і Грузія. Патэнцыяльная аўдыторыя - больш за 130 мільёнаў чалавек. У складзе кампаніі - тры тэлеканалы і адна радыёстанцыя. Зона спадарожнікавага вяшчання - ад Атлантыкі і да Ціхага акіяна. Усе свае навіны "Мір" аператыўна выкладвае на ўласным інтэрнэт-партале, які штодня наведваюць звыш 150 тысяч чалавек.













