Прапанаваны праект закону аб унясенні змяненняў і дадаткаў у Выбарчы кодэкс

6 августа 2013

Змяненні ў выбарчым заканадаўстве павінны быць узважанымі і ў інтарэсах беларускага народа. Гэта падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, дзе быў прапанаваны праект закону аб унясенні змяненняў і дадаткаў у Выбарчы кодэкс. Канцэптуальная гутарка на гэтую тэму з удзелам Кіраўніка дзяржавы адбылася ўжо ў студзені гэтага года. Тады ж было вырашана аптымізаваць выбарчы працэс. Аднак асобныя палажэнні дакумента падтрымалі не ўсе рэспубліканскія органы кіравання, а таму праект запатрабаваў дапрацоўкі. Сёння быў паказаны яго абагульнены варыянт. І прыняць рашэнне па спрэчных момантах Прэзідэнт прапанаваў калегіяльна.


Так якія навіны могуць з'явіцца ў Выбарчым кодэксе - даведвалася Алеся Высоцкая.



Выбарчы кодэкс - галоўны дакумент, які рэгулюе выбары ў нашай краіне. Ён даказаў сваю абгрунтаванасць буйнымі выбарчымі кампаніямі, у ліку якіх і прэзідэнцкія. Але карэкціруецца з улікам сучасных тэндэнцый.


Пакет прапаноў быў паказаны Прэзідэнту ў пачатку года. Тады ж Кіраўнік дзяржавы даручыў яго дапрацаваць. Галоўнае пытанне - мэтазгоднасць новаўвядзенняў. Прынцыповая пазіцыя - прытрымліванне як нацыянальных інтарэсаў, так і міжнародных стандартаў.


Цэнтрвыбаркам прааналізаваў усе заўвагі, якія паступалі падчас апошніх выбарчых кампаній. Улічыў вынікі студзеньскай нарады і сёння вынес на абмеркаванне абагульнены законапраект. Ужо ў восеньскую сесію яго можа разгледзець парламент.


Дапрацаваны дакумент - гэта зусім не рэверанс у бок міжнародных партнёраў, заўважыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Прапанаваныя нормы - ініцыятыва ЦВК. Яны паляпшаюць прававыя і арганізацыйныя ўмовы правядзення выбараў. Грамадства трансфармуецца, мяняюцца формы агітацыі, растуць запатрабаванні ў кандыдатаў.


Вялікая частка змяненняў датычыцца парламенцкіх выбараў. Прапанавана, напрыклад, праводзіць іх у адзін тур. Пры гэтым дэпутат, як і да гэтага, будзе лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш як 50% выбаршчыкаў плюс адзін чалавек. У безальтэрнатыўных акругах дастаткова паловы ад ліку выбаршчыкаў.


Прапаноўваецца змяніць сістэму выбарчых камісій. Уводзіцца дадаткова сем тэрытарыяльных выбаркамаў. ЦВК перадасць ім шэраг сваіх паўнамоцтваў.


І такіх прапаноў, якія павінны палепшыць кіравальнасць выбарчым працэсам, шмат. Але найважнейшая навэла, паводле версіі Лідзіі Ярмошынай, датычыцца пытанняў вядзення перадвыбарнай агітацыі. Першае - гэта забарона на байкоты. І другое, якое выклікала больш за ўсё рознагалоссяў, гэтая змяненне парадку фінансавання.


Такім чынам, ЦВК зыходзіць з клопату пра выбаршчыка. На дадзены момант кандыдатам вылучаюцца сродкі з бюджэту на лістоўкі і іншую агітпрадукцыю. Але часцяком мала хто і ў дзень выбараў ведае, хто балатуецца па іх акрузе. Функцыю такога інфарматара можа ўзяць на сябе дзяржава. Але тады і бюджэтных грошай у кандыдатаў на лістоўкі не будзе. Іх заменяць асабістыя фонды. Для кандыдатаў у прэзідэнты іх прапанавана павялічыць у пяць разоў. Але з гэтым не ўсе пагадзіліся.


Яшчэ адзін спрэчны момант - прапаноўваецца даць права фарміраваць асабістыя выбарчыя фонды адразу пасля стварэння ініцыятыўнай групы. У цяперашнім кодэксе - толькі пасля атрымання афіцыйнага статусу кандыдата. Гэта значыць пасля рэгістрацыі, калі атрымаецца сабраць подпісы ў сваю падтрымку. Меркаванне Цэнтрвыбаркама - гэта легалізуе крыніцы фінансавання. Думкі былі розныя. Спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка заўважыў, што, не маючы грошай, сабраць подпісы складана. Так патэнцыйнаму кандыдату ў прэзідэнты трэба сто тысяч подпісаў для рэгістрацыі.


З навін, якія выклікаюць найбольшую цікавасць, напрыклад, яшчэ абавязак усіх кандыдатаў указваць судзімасць у біяграфіі, а таксама крыніцу сродкаў да існавання, калі прыбыткаў па дэкларацыі няма.


Вердыкт верхняй палаты парламента - у цэлым законапраект добры, ён робіць выбарчы працэс больш дэмакратычным і празрыстым. Але ўсё ж спрэчныя моманты варта выключыць. І грошы не павінны быць меркай паспяховасці кандыдатаў.


У выніку Кіраўнік дзяржавы і астатнія ўдзельнікі нарады сышліся на тым, каб павысіць максімальны памер выбарчых фондаў на прэзідэнцкіх выбарах у 3 разы. Прынцыпова не адпрэчана і прапанова даць права стварэння фондаў з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. У сувязі з сыходам ад бюджэтнага фінансавання перадвыбарнай агітацыі мяркуецца, што і кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў таксама атрымаюць права ствараць выбарчыя фонды памерам да 30 базавых велічынь.



Працаваць над законапраектам Цэнтрвыбаркам будзе яшчэ да канца месяца, каб ужо ў пачатку верасня дакумент трапіў у парламент. Ці пагодзяцца з прапанаванымі навінкамі Выбарчага кодэкса дэпутаты, а пасля і члены Савета Рэспублікі, даведаемся бліжэй да канца восені.