Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі далажыў Прэзідэнту аб выніках працы ў 2018 годзе

24 января 2019

Расія для Беларусі не толькі партнёр па Саюзнай дзяржаве, але і па Еўразійскім саюзе. Інтэграцыйная тэматыка сёння гучала і на сустрэчы Прэзідэнта са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. Юрый Сянько сёння далажыў Аляксандру Лукашэнку аб выніках працы ў 2018 годзе.

Пачалі з фінансавага пытання: за мінулы год у рэспубліканскі бюджэт паступіла амаль 9 з паловай мільярдаў рублёў. Гэта плацяжы, што кантралююцца ДМК. Пералічаная сума на 33 % большая, чым за 2017 год. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, якія менавіта кірункі забяспечылі такі прырост, бо такую дынаміку варта захаваць і ў будучыні. Асобная тэма - прывядзенне заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з Дамовай аб мытным кодэксе ЕАЭС. Гэтую працу ў краіне плануюць завяршыць да канца 2019 года. У гэтым працэсе актыўна ўдзельнічае і ДМК. Разам з прадстаўнікамі дзелавых колаў і грамадскасці распрацаваны законапраект - новая рэдакцыя дзеючага закона аб мытным рэгуляванні. Зараз дакумент знаходзіцца на разглядзе ў Мінюсце.

Як вядома, беларуская мяжа - гэта знешні контур Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза. Яе абарона ва ўсіх сэнсах дарагога варта. І ў адносінах да тэхабсталявання, і ў плане працы, у тым ліку і мытных службаў, якія і з'яўляюцца адной з апор у падмурку трывалага заслона ад пранікнення ў краіну, а значыць, і на тэрыторыю саюза нелегалаў, зброі і наркотыкаў. Толькі за мінулы год узбуджана 130 крымінальных спраў па фактах злачынстваў на мяжы. Канфіскавана больш за 225 кілаграмаў наркотыкаў. 8 крымінальных спраў узбуджана па фактах незаконнай перавозкі праз мяжу зброі і боепрыпасаў. Словам, беларуская мяжа на злачынным шляху паміж Захадам і Усходам - сур'ёзная перашкода, якая, і гэта лагічна, патрабуе немалых выдаткаў.

Як размяркоўваецца мытны прыбытак у саюзным бюджэце, падрабязна журналістам растлумачыў Юрый Сянько. Далёка не ўсё заробленае застаецца ў беларускім кашальку.

Юрый Сянько, Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі: "За 2018 год у саюзны бюджэт пералічана 567 мільёнаў долараў, але назад пасля пераразмеркавання ў нас вярнулася за мінусам 77 мільёнаў долараў. Не зусім справядлівая сітуацыя. Калі спрабуеш лепш працаваць, зарабляючы больш грошай, але пасля пераліку ў саюзны бюджэт вяртаецца сума меншая. Г.з. не зусім справядлівае размеркаванне мытных пошлін склалася на сённяшні дзень паміж краінамі”.

Аб'ёмы міжнароднага гандлю і транспартныя патокі растуць з кожным годам, таму мытнікам прыходзіцца працаваць больш актыўна і ўдасканальваць тэхналогіі, якія дазваляюць істотна скараціць час на афармленне праходжання тавараў. Мадэрнізуецца і мытная інфраструктура. Улічваючы маштабныя спартыўныя падзеі, (гэта і II Еўрапейскія гульні, і будучы ў 2021 годзе сумесна з Латвіяй чэмпіянат свету па хакеі) пункты пропуску аснашчаюць сучасным абсталяваннем. Да канца 2020 года гэта дазволіць штосутачна прапускаць на 20 % больш аўтамабіляў.