Віншаванне са 110-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі

24 апреля 2014

Дарагія суайчыннікі!


Сардэчна віншую вас са знамянальнай датай - 110-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі.


Прафсаюзы заўсёды вырашалі задачы, прадыктаваныя жыццём. Ліквідацыя непісьменнасці, арганізацыя сацспаборніцтваў, мабілізацыя працоўных тылу ў ваеннае ліхалецце, адраджэнне разбуранай народнай гаспадаркі - толькі малая доля заслуг прафсаюзаў у савецкі час. Гэты адрэзак гісторыі ўвасобіў цэлую эпоху - ад стварэння невялікіх прафсаюзных арганізацый, дзеючых разрознена, да фарміравання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


Сёння ФПБ беражліва захоўвае і ўмацоўвае традыцыі слаўных працоўных подзвігаў, аб'ядноўваючы ў сваіх радах больш за чатыры мільёны чалавек. Яна з'яўляецца рэальнай сілай, здольнай змагацца за інтарэсы працаўнікоў і быць верным паплечнікам дзяржавы ў вырашэнні сацыяльных і эканамічных праблем.


У нашай краіне развіваецца сацыяльнае партнёрства, шырока выкарыстоўваецца калектыўна-дагаворнае рэгуляванне працоўных адносін. Упэўнены, што аўтарытэт прафсаюзаў і надалей будзе расці, а колькасць добрых спраў на карысць Айчыны - прымнажацца.


Жадаю здароўя, новых дасягненняў, шчасця і дабрабыту ўсім, хто сваёй працай уносіць пасільны ўклад у развіццё нашай дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка