Віншаванне з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі

7 Лістапада 2014

Дарагія суайчыннікі!

Віншую вас з гістарычным святам - Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Несумненна, што падзеі кастрычніка 1917 года змянілі лёс вялікай краіны і стварылі ўмовы для нацыянальнага адраджэння народаў, якія яе насялялі, а таксама для рэалізацыі права нацый на самавызначэнне.

Гераічны летапіс баявых перамог і працоўных здзяйсненняў у гады савецкай улады сапраўды беспрэцэдэнтны. Брацкія народы Савецкага Саюза разам стваралі магутную эканоміку, навуку, культуру. Беларусь не толькі захавала, але і прымножыла гэты патэнцыял, выбраўшы ўласны шлях развіцця. Уласцівыя нашаму грамадству мір, стабільнасць і згода - заканамерны вынік таго, што мы не адхілілі сацыяльныя заваёвы Вялікага Кастрычніка, не здрадзілі ідэалам раўнапраўя, справядлівасці і бескарыслівага служэння людзям.

Мы адны з нямногіх на постсавецкай прасторы, хто аддае даніну павагі гэтай гістарычнай даце. Беларусы не адмаўляюцца ад уласнага мінулага, але і не хочуць паступацца суверэнным правам самастойна вызначаць сваю будучыню.

Шчыра жадаю вам, дарагія суайчыннікі, моцнага здароўя, аптымізму, упэўненасці ў сваіх сілах і новых дасягненняў на карысць нашай Радзімы.

Аляксандр Лукашэнка