Віншаванне з Днём міліцыі

4 марта 2019

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў з прафесійным святам - Днём міліцыі.

"Органы ўнутраных спраў надзейна выконваюць важныя і адказныя задачы па абароне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, забеспячэнні правапарадку ў грамадстве, захаванні стабільнасці ў дзяржаве", - гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі вядуць бескампрамісную барацьбу са злачыннасцю і паспяхова вырашаюць пытанні, якія закранаюць лёсы людзей, супрацьстаяць крымінальнаму свету, умацоўваюць веру ў перамогу закона і справядлівасць.

"Дзякуючы вашай адказнай і напружанай працы Беларусь працягвае заставацца адной з самых бяспечных дзяржаў у свеце. Перакананы, што вы і надалей будзеце ўзорам адданага служэння народу, працягваючы слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.