Віншаванне Мігелю Дыясу-Канелю з выбраннем на пасаду Старшыні Дзяржсавета Кубы

20 апреля 2018

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Мігеля Дыяса-Канеля з выбраннем на пасаду Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба. 

"Упэўнены, што Вы здолееце захаваць і прымножыць дасягненні Рэвалюцыі, стаць надзейнай апорай для гераічнага кубінскага народа ў абароне яго інтарэсаў, паспяхова адстойваць на міжнароднай арэне права краіны на самастойнае развіццё", - гаворыцца ў віншаванні. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Кубай склаліся асаблівыя, саюзніцкія адносіны. "Перакананы, што стратэгічнае двухбаковае супрацоўніцтва, якое дынамічна пашыраецца, мае велізарны патэнцыял. Сумеснымі намаганнямі мы дасягнём яшчэ больш высокіх вынікаў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах узаемадзеяння", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. 

Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Мігеля Дыяса-Канеля з днём нараджэння і пажадаў яму моцнага здароўя, шчасця, невычэрпнай энергіі і плённай дзейнасці на адказнай дзяржаўнай пасадзе. 

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адрасаваў віншавальнае пасланне Першаму сакратару Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы Раулю Кастра Русу, у якім павіншаваў яго і кубінскі народ з паспяховым завяршэннем электаральнага працэсу і выбраннем новага кіраўніка дзяржавы. 

"Вынікі выбараў яскрава прадэманстравалі безумоўную падтрымку грамадзянамі палітычнага курсу, заснаванага на ідэалах Кубінскай Рэвалюцыі, бессмяротных ідэях вялікага Фідэля і выдатных дасягненнях Вашай шматгадовай працы ў якасці Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба, - падкрэсліў беларускі лідар. - Пад Вашым кіраўніцтвам краіна ўзмацнела, на поўны голас заявіла пра сябе на міжнароднай арэне, нарасціла свае лідарскія пазіцыі ў рэгіёне". 

Прэзідэнт адзначыў, што дзякуючы сумеснай працы беларуска-кубінскія адносіны выйшлі на якасна новы, стратэгічны ўзровень. Зроблены істотны зачын для інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і развіцця сувязяў у навукова-тэхнічнай сферы. "Беларусь з'яўляецца надзейным і прадказальным партнёрам Кубы на еўразійскай прасторы, пры гэтым мы разглядаем вашу краіну як апорны пункт у рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён таксама выказаў перакананне, што Рауль Кастра Рус, прадаўжаючы сваю адказную дзейнасць на пасадзе Першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы, застанецца прыхільнікам нарошчвання добрых і ўзаемавыгадных адносін паміж дзвюма краінамі. 

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу пацвердзіў намер прымаць усе магчымыя меры для захавання пазітыўнай дынамікі двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках. 

"Заўсёды з цеплынёй узгадваю Вашага брата Фідэля, гістарычнага лідара Кубінскай Рэвалюцыі, а таксама вельмі цаню сяброўскія адносіны з Вамі, якія склаліся за доўгія гады сумеснай працы на карысць нашых дзяржаў і народаў. Спадзяюся, што сёлета змагу асабіста сустрэцца з Вамі на дарагой мне кубінскай зямлі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.