Віншаванне медыцынскім работнікам з прафесійным святам

19 июня 2016
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў медыцынскіх работнікаў Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам. 

"Самааддана і нястомна працуючы, вы штодзённа ратуеце і дорыце людзям самае каштоўнае - жыццё. Вы прыходзіце на дапамогу ў самыя цяжкія хвіліны, вяртаючы пацыентам веру і надзею. Ваша прафесія патрабуе вялікай самааддачы, чуласці і цярпення. Гэта ваша прызванне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Стабільна працуючая медыцынская галіна служыць надзейнай асновай сацыяльнай палітыкі Беларусі, якая забяспечыла ў апошнія гады рост працягласці жыцця і нараджальнасці насельніцтва, зніжэнне смяротнасці, гаворыцца ў віншаванні. 

"Беларуская ахова здароўя славіцца сваімі традыцыямі найвышэйшага прафесіяналізму і міласэрнасці. Інтэнсіўна асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, праводзяцца навуковыя даследаванні, ствараюцца новыя лекавыя сродкі, уводзяцца ў строй новыя медыцынскія ўстановы. Дасягненні беларускай медыцыны па заслугах ацэнены не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт пажадаў медыцынскім работнікам Беларусі новых перамог і здзяйсненняў у іх адказнай і высакароднай працы.