Віншаванне калектыву рэдакцыі газеты "Звязда"

9 августа 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты "Звязда" са 100-гадовым юбілеем выхаду ў свет першага нумара гэтага выдання.

"Заснаваная ў няпросты час узрушэнняў і перамен у жніўні 1917 года, "Звязда" стала сапраўдным летапісам жыцця беларускага грамадства, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Яе гісторыя непарыўна звязана з гісторыяй Беларусі і нашага народа. Праз газету родная мова даходзіць да кожнага сэрца".

У віншаванні гаворыцца, што "Звязда" не пераставала выходзіць нават падчас Вялікай Айчыннай вайны. Газету выпускалі ў мінскім падполлі, затым на партызанскім востраве Зыслаў. "Друкаванае слова заклікала людзей да барацьбы з захопнікамі, давала ўпэўненасць і сілы. Нездарма пасля вайны "Звяздзе" прысвяцілі чатыры помнікі - унікальны выпадак, які ярка сведчыць аб значнасці газеты для беларусаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Шануючы традыцыі аб'ектыўнасці і ўзважнасці, увагі да простага чалавека, якія былі закладзены не адным пакаленнем журналістаў, перыядычнае выданне застаецца для свайго чытача кампетэнтнай крыніцай інфармацыі і чуткім суразмоўцам.