Дапамога ў паляпшэнні жыллёвых умоў заўсёды будзе сярод прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі Беларусі

3 октября 2017

Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. На разгляд Прэзідэнта прадстаўлены адпаведны праект указа. Тэма жыллёвай гаспадаркі на пастаянным кантролі Кіраўніка дзяржавы.

Пытанняў нямала. Пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, арэнднае жыллё і, вядома, аплата паслуг ЖКГ хвалюе кожнага. Тым больш зусім хутка стартуе абагравальны сезон. Сёння ў сферы ЖКГ існуе шэраг праблем, якія патрабуюць заканадаўчага ўдасканалення. Кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць дакумент, прадугледзець у ім такія рэчы, якія будуць актуальныя і на перспектыву. Новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса ў найбліжэйшы час разгледзяць і ў парламенце.

На нарадзе сёння прысутнічаў не толькі ўрад, але і губернатары. Прэзідэнт цікавіўся ходам восеньскіх палявых работ і навядзеннем парадку ў краіне. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў праверыць прытрымліванне тэрмінаў будаўніцтва аб'ектаў па заключаных інвестдагаворах.

Крытыкаваў Прэзідэнт і за неабгрунтаванае ўшчыльненне жыллёвай забудовы і высечку дрэў. Апошнім часам у СМІ часта з'яўляецца інфармацыя аб канфліктах. Прэзідэнт прывёў адзін з прыкладаў. Нездаволенасць гучала ад жыхароў сталічнай вуліцы Цэнтральнай. З-за работ па абнаўленні цеплатрасы людзі могуць пазбавіцца зялёнай зоны. Менавіта пад ёй і плануюць правесці новыя цепласеткі. Праблема ў тым, што пад пілу трапілі і рэліктавыя хвоі. Іх шкада больш за ўсё. І зразумела чаму: па суседстве Мінскі аўтазавод. Акрамя эстэтычнай функцыі, дрэвы хоць неяк стаяць на варце экалогіі. Не рэагаваць Прэзідэнт не можа.

Яшчэ адзін праект указа, які разглядаўся на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы - аб мерах па скарачэнні колькасці пустых і трухлявых дамоў. Урад прапаноўвае ўдасканаліць механізм адчужэння ў залежнасці ад іх размяшчэння і мясцовых умоў. Развіццё малых вёсак і сяліб - пытанне актуальнае. Колькасць пустых дамоў расце, таму неабходна стварыць умовы для эфектыўнага выкарыстання. Патрабаванне Прэзідэнта нязменнае: ва ўсім павінен быць гаспадарскі падыход, бо гэта ў тым ліку патэнцыял для агратурызму. Трухлявае і аварыйнае жыллё будуць зносіць, а землі вяртаць у абарот. Прэзідэнт даручыў паскорыць гэтую работу на месцах.  



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя