Атрымліваць на занятках максімум ведаў. Прэзідэнт Беларусі адкрыў новую школу

2 сентября 2019

У першы дзень новага навучальнага года Прэзідэнт наведаў школу № 93 г. Мінска

Атрымліваць у школе максімум ведаў – такую параду вучням даў сёння Прэзідэнт Беларусі, адкрываючы ў адным са сталічных мікрараёнаў новую школу. Вітаючы гасцей свята, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што месца, дзе размясцілася навучальная ўстанова, звязана з яго асабістымі ўспамінамі. Гэтая новабудоўля - падарунак мікрараёну Вялікі Лес, названаму ў гонар герояў, якія абаранілі сваю зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Новае пакаленне сёння працягвае слаўную гісторыю, але ўжо ў мірным жыцці. І ўрачыстай лінейкай тут пачаўся не толькі навучальны год, а і гісторыя новай школы. Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да вучняў, нагадаў важнае правіла жыцця: залог паспяховай будучыні - гэта стараннасць і руплівасць.


Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу звярнуў на дысцыпліну ў школах

Нягледзячы на святочны настрой, не абмінулі і надзённыя праблемы. Адукацыйны працэс у Беларусі пастаянна ўдасканальваюць: больш сучаснымі сталі падручнікі і методыкі выкладання. Асаблівую ўвагу зараз неабходна звярнуць  на парадак. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што дысцыпліна ў школе вельмі ўпала.

Пасля слоў на дарогу вучням, іх бацькам і педагогам Аляксандр Лукашэнка ўрачыста ўручыў сімвалічныя ключы дырэктару школы. Затым разам з ёй і кіраўніком горада перарэзалі чырвоную стужку. А школьны званок сімвалізаваў пачатак навучальнага года.


А. Лукашэнка правёў для старшакласнікаў першы ўрок

Прэзідэнт азнаёміўся з магчымасцямі новай школы. Тут створаны ўсе ўмовы, каб атрымаць годную сярэднюю адукацыю. Аляксандр Лукашэнка правёў для старшакласнікаў першы ўрок. Вучні абмяняліся меркаваннямі аб вучобе, аб выбары будучай прафесіі і аб занятках спортам. Вывучаючы асартымент страў школьнай сталовай, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што выбар павінен рабіцца на карысць беларускай кухні і айчынных прадуктаў. Пры гэтым харчаванне ўсіх дзяцей павінна быць арганізавана на высокім узроўні і на роўных умовах.