Пад знакам беларуска-расійскіх адносін прайшоў гэты дзень

22 ноября 2016

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам наведаў Маскву. Там Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі віншавання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, а таксама сустрэўся з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным. А ў Мінску пазіцыі па ключавых аспектах зверылі міністры замежных спраў Беларусі і Расіі. Пачнем з духоўнага складальніка візіту ў Маскву. Сёння Царква іграе важную ролю ў падтрыманні згоды ў грамадстве і захаванні міру. І шмат у чым дзякуючы служэнню Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які напярэдадні адзначыў сваё 70-годдзе. Нядзіўна, што юбілей Патрыярха - свята і для беларускіх вернікаў. З нашай краінай ва Уладыкі адносіны асаблівыя. Ён не раз наведваў Беларусь, дзе заўсёды яго сустракаюць з радаснымі і светлымі пачуццямі. Павіншаваць Уладыку ў храм Хрыста Збавіцеля прыбылі і прэзідэнты дзвюх краін. Пра духоўную цырымонію - Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Уладзімір Міхайлавіч Гундзяеў – гэта свецкае імя Патрыярха Кірыла. Прозвішча дасталася ад продкаў па бацьку, якія жылі ў Мардовіі, і перакладаецца як "зямляк". Пра такіх людзей гавораць: ён знайшоў сваё прызначэнне літаральна з пялёнак. Бацька і дзед былі святарамі, і зусім маленькім Валодзя, калі гуляў па храме, зайшоў у алтар праз Царскія вароты, уваходзіць у якія можа толькі святар. Мама пра здарэнне паведаміла настаяцелю, але той супакоіў: "Нічога, архіерэем стане".

Ён становіцца Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі ў 2009. Да гэтага праходзіць шлях ад семінарыста да мітрапаліта. У год сваёй інтранізацыі Патрыярх Кірыл скажа: "Галоўны крытэрый дзейнасці Царквы - не запоўненыя храмы, а маральны стан грамадства". Гэтая фраза, падаецца, стане лейтматывам яго служэння, прычым не толькі ў храмах. На працягу дваццаці гадоў яго "Слова пастыра" гучыць на Першым канале. У Патрыярха Кірыла нават старонка ў "Фэйсбуку" - таксама спосаб зносін з вернікамі. З вернікамі ён і ў свой юбілей. Сімвалічна 70-годдзе Яго Свяцейшасці прыпадае менавіта на нядзелю. Таму 20 лістапада літургія ў храме Хрыста Збавіцеля прайшла ў святочных абставінах і ў прысутнасці гасцей.

Патрыярх Кірыл - настаяцель храма Хрыста Збавіцеля. Самага вялікага сабора Рускай праваслаўнай царквы. Адначасова прысутнічаць на літургіі тут могуць 10 000 чалавек. Ён жа з'яўляецца і самым высокім - да купала 103 метры. Знаходзіцца храм літаральна за 10 хвілін пешкі ад Крамля. Тут прасочваецца ў блізкасць дзяржавы і царквы.

Картэж Прэзідэнта Беларусі прыбывае да Патрыяршага пад'езда храма Хрыста Збавіцеля з боку Прачысценскай набярэжнай. Аляксандр Лукашэнка праходзіць у Тронную залу, дзе яго цёпла сустракае Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

У свой юбілей Патрыярх Кірыл прасіў не падносіць яму дарагіх сувеніраў і пышных букетаў. Ад Прэзідэнта Беларусі - падарунак сімвалічны. На карціне маладога беларускага мастака намаляваны Свята-Мікольскі гарнізонны сабор Брэста. А пра гэты горад у Патрыярха асаблівыя ўспаміны. Яго родны дзядзька загінуў ля сцен Брэсцкай крэпасці падчас Другой сусветнай вайны.

Да Беларусі ў Патрыярха Кірыла асаблівае стаўленне. У нашай краіне з візітамі ён бываў некалькі разоў. У рэлігійным жыцці Беларусі Праваслаўная царква займае вядучае месца. Працуюць 1659 праваслаўных прыходаў, 35 манастыроў, 7 духоўных навучальных устаноў і больш як паўтары тысячы храмаў, чые дзверы заўсёды адчыненыя.

Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы - чалавек прагрэсіўных поглядаў. Любіць горныя і водныя лыжы, сам выконвае фігуры вышэйшага пілатажу на самалёце МіГ і марыць паляцець у космас.

Адзначаючы свой 70-ы дзень нараджэння, Патрыярх Кірыл не любіць зваць яго юбілеем, хутчэй, выкарыстоўвае як падставу для гутарак і сустрэч. Таму сёння з прэзідэнтамі Беларусі і Расіі гаварылі пра важныя рэчы, якія хвалююць увесь свет.

У гэтыя дні ў адрас Патрыярха Кірыла паступаюць сотні віншаванняў, у тым ліку і ад прадстаўнікоў самых розных канфесій. Урачыстыя мерапрыемствы - у зале Царкоўных сабораў храма Хрыста Збавіцеля. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін віншуюць кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы. Ва ўрачыстым звароце да Яго Свяцейшасці Прэзідэнт Беларусі асабліва адзначае: сёння Царква іграе важную ролю ў падтрыманні згоды ў грамадстве і захаванні міру. І шмат у чым дзякуючы служэнню і мудраму слову Патрыярха.

У сучасным свеце дзяржава і царква блізкія як ніколі. У той час як планету раз-пораз скалынаюць войны і канфлікты, у свецкага і духоўнага мэта адна - зрабіць так, каб людзі розных вер і нацыянальнасцяў існавалі ў міры і згодзе. Прыклад такога адзінства добра прыкметны ў Беларусі, дзе плячо ў плячо жывуць прадстаўнікі 26 канфесій.