Па традыцыі 23 лютага Прэзідэнт асабіста ўручыў генеральскія пагоны

23 февраля 2015

Сёння ў Палацы Незалежнасці па традыцыі Кіраўнік дзяржавы ўручыў генеральскія пагоны як прызнанне за шматгадовую працу, мужнасць і самаахвярнасць. Сёлета такога гонару ўдастоеныя 11 палкоўнікаў. Акрамя віншаванняў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў вайскоўцам і пра найважнейшыя задачы, якія дыктуюць эканамічная сітуацыя і складанае міжнароднае становішча. І самая важная з іх - забяспечыць мірнае і спакойнае жыццё свайго народа.

Расказвае Сяргей Шуманскі. 23 лютага ў нашай краіне не проста свята. Гэтая дата дзесяцігоддзямі ўвасабляе подзвіг многіх пакаленняў абаронцаў Айчыны. Гэта памяць аб мільёнах воінаў, якія аддалі сваё жыццё на палях бітваў.

І сёння спадчыннікі воінскай доблесці, людзі ў пагонах, чый абавязак і прафесія - абараняць Радзіму, сабраліся ў Палацы Незалежнасці. Яны прыйшлі сюды палкоўнікамі, а пойдуць генераламі.

Уручэнне генеральскіх пагонаў 23 лютага - гэта ўжо добрая традыцыя. Менавіта ў Дзень абаронцы Айчыны Прэзідэнт асабіста ўзнагароджвае афіцэраў беларускай арміі, міліцыі і іншых сілавых структур. Сёлета 11 палкоўнікаў удастоеныя гонару змяніць чарговае званне.

Генерал - гэта вяршыня ў службе любога чалавека ў пагонах. І ў нашай краіне да гэтага звання асаблівае стаўленне. Яно прысвойваецца прэзідэнцкім указам, уручае пагоны таксама Кіраўнік дзяржавы.

Сёння ва ўрачыстым страі кіраўніцкі склад Узброеных сіл і праваахоўных органаў. Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка адзначае, што галоўная задача беларускіх вайскоўцаў - забяспечыць мірнае і спакойнае жыццё свайго народа.

Пра тое, што цяперашні год стане сапраўдным іспытам для ўрада і ўсяго сілавога блока, Прэзідэнт гаварыў неаднаразова. Сёння Аляксандр Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу вайскоўцаў на ключавыя падзеі 2015-га.

Пасля ўступнага слова Аляксандр Лукашэнка выконвае ганаровую і прыемную місію - уручае генеральскія пагоны. 11 камплектаў з самай раніцы чакаюць сваіх уладальнікаў. Першымі запаветныя генеральскія зоркі з рук Прэзідэнта атрымліваюць ваенныя.

Генералітэт Узброеных сіл сёння папоўнілі адразу чатыры чалавекі: Павел Муравейка, Ігар Дземідзенка, Вячаслаў Язерскі і Аляксандр Невяроўскі. Зорка генерал-маёра міліцыі зараз на пагонах намесніка Міністра ўнутраных спраў Віктара Дубаўца і начальніка УУС Мінскага аблвыканкама Віктара Сянько.

Пагоны генерал-маёра ўнутранай службы атрымаў сёння Аляксандр Худалееў, а Ігар Маршалаў стаў генерал-маёрам фінансавай міліцыі. Разам з імі сёння ў адным страі і прадстаўнікі органаў юстыцыі - людзі, якія стаяць на абароне законнасці ў краіне.

Звання генерал-маёра юстыцыі ўдастоены першы намеснік старшыні Следчага камітэта Беларусі Аляксей Волкаў. Такая ж генеральская зорка з'явіцца і на пагонах намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Максіма Вароніна. Кіцель генерала ўжо заўтра надзене і начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Алег Шаркоў.

Гэты дзень стане асаблівай адзнакай у асабістай біяграфіі не толькі генералаў. Акрамя гэтага старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыю Сянько прысвоена персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы 3 рангу. А намесніку Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандру Дубаву - класны чын дзяржсаветніка юстыцыі 3 класа. Пасля прысваення ўсіх званняў Прэзідэнт падзякаваў афіцэрам за стойкасць, мужнасць і самаахвярнасць.

Пасля зносіны прадоўжыліся ўжо ў нефармальнай атмасферы. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пажадаў усім шчасця, моцнага здароўя і поспехаў у службе на карысць нашай краіны і беларускага народа.