Планамерная дыверсіфікацыя экспарту - адна з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі

6 июня 2016

Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў. У Палац Незалежнасці прыбылі дыпламаты з 13 краін. Гэта прадстаўнікі ЕС, Азіі, Афрыкі і Цэнтральнай Амерыкі. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што іх дзейнасць у Беларусі дазволіць знайсці дадатковыя нішы для ўмацавання гандлёва-эканамічных кантактаў і рэалізацыі значных міжнародных праектаў. Наша краіна, у прыватнасці, зацікаўлена ў падтрыманні нарастаючай дынамікі супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

Пасля афіцыйнай цырымоніі знайшлося месца і нефармальным зносінам. З кожным з дыпламатаў Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь зацікаўлена ў дынамічным развіцці дзяржаў Афрыкі. У рамках праграм па механізацыі сельскай гаспадаркі наша краіна пастаўляе тэхніку практычна ва ўсе афрыканскія рэгіёны. На гэтым рынку запатрабаваны беларускія кар'ерныя самазвалы, металапрадукцыя і калійныя ўгнаенні. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.