Першы беларускі аўтамабіль сышоў з канвеера. Прэзідэнт прыняў удзел у адкрыцці завода "БелДжы"

17 ноября 2017

Гістарычны дзень для беларускага машынабудавання. Сёння ў Барысаўскім раёне афіцыйна адкрыўся завод "БелДжы". Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Прадпрыемства было пабудавана за два з паловай гады сіламі беларускіх і кітайскіх спецыялістаў. Для аўтагіганта Geely гэта першы вопыт узвядзення завода поўнага цыкла за мяжой. Магутнасці дазваляюць выпускаць 60 тысяч аўтамабіляў за год, але гэты паказчык можна будзе падвоіць. А сёння першы серыйны беларускі легкавы Geely Atlas сышоў з канвеера.

Аляксандр Лукашэнка сёння азнаёміўся з сучаснымі працэсамі зваркі, зборкі і афарбоўкі аўтамабіляў. Пакуль тут вырабляюць адну мадэль - красовер Atlas. Да канца года з канвеера сыдзе 1300 машын. У наступным годзе лінейка беларускіх Geely папоўніцца яшчэ адным пазадарожнікам і седанам. Прадавацца гэтыя аўто будуць не толькі ў Беларусі, але і на рынку СНД.

На новым заводзе ўжо працаўладкавана амаль 800 чалавек. Усе спецыялісты прайшлі дадатковае навучанне. Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве ў кастрычніку склала 465 долараў. У снежні яна павінна павялічыцца да паўтысячы. Пасля ўрачыстай цырымоніі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўным калектывам. Прэзідэнт адзначыў, што прадукцыя гэтага завода па-сапраўднаму народная.

Нагадаем, арганізаваць такую вытворчасць даручыў Кіраўнік дзяржавы. Кантракт аб будаўніцтве завода падпісалі з кітайскай карпарацыяй у 2014. Глядзіце вялікі рэпартаж з урачыстай цырымоніі ў "Панараме".