Перспектывы супрацоўніцтва абмеркавалі прэзідэнты Беларусі і Туркменістана

5 ноября 2013

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пацвярджае цікавасць Беларусі да развіцця супрацоўніцтва з Туркменістанам па ўсіх кірунках. Гэта Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у Ашхабадзе на сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Сёння - асноўны дзень перамоў у рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан. Кіраўнікі дзяржаў раней умовіліся бачыцца штогод, і зараз час праводзіць рэвізію сумесных праектаў. Пасля цёплага і падкрэслена сяброўскага поціску рукі - цырыманіял на чырвонай дарожцы. Рота ганаровай варты і гімны дзвюх краін - абавязковыя атрыбуты сустрэч на вышэйшым узроўні.


На перамовах у фармаце адзін на адзін кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі важнасць захавання дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам. Штогадовыя сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін даюць добры эканамічны эфект. За 5 гадоў узаемны тавараабарот вырас у 5 разоў і перавысіў 300 мільёнаў долараў.


Кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі важнасць актывізацыі супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, у прыватнасці, па стварэнні СП. Таксама было адзначана актыўнае развіццё сумеснай працы ў гуманітарнай сферы і ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне. Па выніках перамоў у пашыраным складзе прэзідэнты завізавалі сумесную заяву аб паглыбленні адносін сяброўства і супрацоўніцтва.