Беларусь і Сербія: Тавараабарот на паўмільярда долараў у перспектыве

19 ноября 2015

Тавараабарот на паўмільярда долараў. Такую планку ва ўзаемным гандлі павінны ўзяць Беларусь і Сербія ў найбліжэйшай перспектыве. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з сербскім калегам Томіславам Нікалічам. У гэтыя хвіліны ў Палацы Незалежнасці працягваюцца перамовы паміж двума лідарамі.

Сербія - наш стратэгічны партнёр на Балканах. Летась краіны нагандлявалі на чвэрць мільярда долараў. І гэта не мяжа, упэўнены Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Сербія вядзе перамовы аб уступленні ў ЕС, і гэта можа адкрыць дзверы ў Стары Свет для тавараў, вырабленых разам з беларусамі. У той жа час праз Мінск сербы бачаць выхад для сваёй прадукцыі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

Афіцыйным перамовам папярэднічала падкрэслена сяброўская цырымонія сустрэчы ў Палацы Незалежнасці. Томіслава Нікаліча Аляксандр Лукашэнка сустракаў асабіста. Былі і абавязковыя атрыбуты афіцыйнага цырыманіялу - чырвоная дарожка, гімны дзвюх краін і рота ганаровай варты.

Па выніках сённяшніх перамоў прэзідэнты падпішуць сумесную заяву. Па добрай традыцыі, Томіслаў Нікаліч пасадзіць дрэва на Алеі ганаровых гасцей. Заўтра сербскі Прэзідэнт наведае Мінскі трактарны завод і разам з Аляксандрам Лукашэнкам дасць старт знакаваму сумеснаму праекту - будаўніцтву шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір". Падрабязнасці - у нашых наступных выпусках.