Перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Таджыкістана пройдуць сёння ў Палацы Незалежнасці

1 декабря 2017

Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. Яго рабочы візіт у нашу краіну працягваецца. Перамовы двух лідараў пройдуць у Палацы Незалежнасці спачатку адзін на адзін, а пасля - у пашыраным складзе. На парадку дня пытанні развіцця двухбаковых адносін, удзел у інтэграцыйных аб'яднаннях, узаемадзеянне ў знешняй палітыцы. Цэнтрам асаблівай увагі стане гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама прамысловая кааперацыя.

Мінск і Душанбэ злучае чвэрць стагоддзя дыпадносін. Паміж краінамі наладжаны даверны партнёрскі дыялог, узяты курс на стварэнне сумесных вытворчасцяў. Так, на днях у Таджыкістане адкрылася зборка трактароў МТЗ. У планах - наладзіць вытворчасць навяснога абсталявання.

Па выніках перамоў плануецца падпісанне дакументаў. Учора ў пасольстве Таджыкістана ў нашай краіне паведамілі, што на распрацоўцы 10 пагадненняў аб супрацоўніцтве.