Перамовы на вышэйшым узроўні і насычаная дзелавая праграма. У Мінск прыбыў Прэзідэнт Зімбабвэ

16 Студзеня 2019

Канец рабочага тыдня пройдзе пад знакам развіцця супрацоўніцтва Беларусі з афрыканскім кантынентам. У Мінск з афіцыйным візітам ужо прыбыў Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва. Борт кіраўніка гэтай дзяржавы прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце пасля абеду. Наведванне нашай краіны - частка вялікага турнэ афрыканскага лідара. Дарэчы, ён ужо быў у Беларусі ў 2015 годзе, праўда, тады на пасадзе віцэ-прэзідэнта.

Заўтра Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з Эмерсанам Мнангагвам. Сустрэча пройдзе ў Палацы Незалежнасці ў вузкім і пашыраным складах. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё палітычных і гандлёва-эканамічных кантактаў. Размова пойдзе аб перспектыўных кірунках для ўмацавання двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў сферы гандлю і інвестыцый, рэалізацыі сумесных праектаў. Па выніках перамоў чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў. Афіцыйны візіт Прэзідэнта Зімбабвэ прадугледжвае змястоўную дзелавую праграму, у тым ліку і сустрэчу з прадстаўнікамі беларускага бізнесу.

Афрыка сёння - ёмісты рынак для інвестыцый, тавараў, паслуг і тэхналогій, а таксама маштабны рынак збыту. Агульнае насельніцтва ацэньваецца больш як у мільярд чалавек. Ужо сёння кантынент - каласальная крыніца рэсурсаў і рабочай сілы. Паводле ацэнак інвестараў, першачарговыя кірункі развіцця ў Зімбабвэ - гэта аграрны сектар і здабыўная галіна.

 


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя