Пакістан можа стаць для Беларусі акном у Паўднёвую Азію

12 августа 2015

Пакістан можа стаць для Беларусі акном у Паўднёвую Азію, роўна як і Беларусь для Пакістана - акном у Еўропу. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на беларуска-пакістанскім бізнес-форуме. Бягучы год стаў знакавым у адносінах дзвюх краін. Створаны трывалы падмурак для збліжэння краін у самых розных сферах - палітыцы, эканоміцы, навуцы, адукацыі і культуры. І, паводле слоў беларускага лідара, у Беларусі і Пакістана ёсць усе неабходныя палітычныя перадумовы для павышэння ўзроўню гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, павелічэнне тавараабароту да мільярда долараў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў эканамічных адносінах Беларусі і Пакістана азначылася тэндэнцыя да паступовага пераходу да вытворчай кааперацыі. Нашы краіны могуць узмацніць узаемадзеянне ў прамысловасці, энергетыцы, лагістыцы, сувязі і біятэхналогіях. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, створыць для пакістанскіх прадпрымальнікаў неабходныя ўмовы для працы на рынках ЕАЭС і ЕС.

Па выніках форуму падпісаныя беларуска-пакістанскія пагадненні на дзясяткі мільёнаў долараў. У Пакістане з'явяцца сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускай тэхнікі, ёсць праект і ў сферы лёгкай прамысловасці. Аляксандр Лукашэнка запрасіў дзелавыя колы ісламскай рэспублікі ў перспектыве размяшчаць свае вытворчасці на тэрыторыі індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Дарэчы, восенню мінулага года ў Ісламабадзе адкрылася беларускае пасольства. Сёлета з'явіцца і дыппрадстаўніцтва ў Мінску.